У Мінску адбылося пасяджэнне Камiсiі па справах фармацыi семiнарыстаў і святароў | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
25.11.2015 09:36

24 лістапада ў Душпастырскім цэнтры ў Мінску адбылося першае пасяджэнне нядаўна ўтворанай Камiсiі па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Камісія была створана па рэкамендацыі Апостальскай Сталіцы на 60-м пленарным пасяджэнні ККББ.

У сустрэчы прынялі ўдзел члены камісіі: дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскi SDB - старшыня камісіі, бiскуп Пінскі Антонi Дзям’янка і дапаможны бiскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскi, а таксама эксперты: рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Раман Рачко i рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка. Спецыяльна запрошаным госцем на сустрэчы быў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які завяршае сваё служэнне на пасадзе Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь.

Галоўнай мэтай першага пасяджэння стала абмеркаванне асноўных напрамкаў дзейнасці Камісіі па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў, а таксама знаёмства з указаннямі Апостальскай Сталіцы ў галіне выхавання кандыдатаў да святарства. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі дырэктывы Кангрэгацыі па справах Духавенства, якія былі падрыхтаваны па выніках візіту прадстаўніка кангрэгацыі ў духоўныя семінарыі ў Пінску і Гродне ў маі бягучага года.

Па просьбе членаў камісіі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падрабязна растлумачыў хвалюючыя моманты прапаноў Апостальскай Сталіцы і адказаў на пытанні. Сярод разнастайных рэкамендацый Кангрэгацыі па справах Духавенства ўдзельнікі сустрэчы асабліва засяродзілі ўвагу на магчымасцях цеснага супрацоўніцтва паміж духоўнымі семінарыямі дзеля яшчэ большай аптымізацыі фармацыйнага працэсу семінарыстаў і іх выхавацеляў.

Другім этапам сустрэчы камісіі было планаванне працы, раздзяленне паміх сабой абавязкаў і вызначэнне на 19 студзеня 2016 года яе наступнага пасяджэння з удзелам ардынарыяў дыяцэзій.

На заканчэнне ўдзельнікі аднадушна пагадзіліся з тым, што існуе неабходнасць інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва паміж дыяцэзіямі і семінарыямі ў галіне выхавання семінарыстаў і святароў у духу адкрытасці на выклікі, якія ставіць перад Паўсюдным Касцёлам сучасны свет.

Кс. Андрэй Рылка, (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by