Пасяджэнне Рады па справах сям’і пры ККББ адбылося ў Бярозаўцы | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
06.02.2016 10:02

5 лютага ў Бярозаўцы прайшло пасяджэнне Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Пасяджэнне ўзначаліў старшыня Рады па справах сям’і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Падчас пасяджэння былі абмеркаваны наступныя справы:

1. Удзельнікі паразмаўлялі пра «духоўнае ўсынаўленне», якое ў чарговы раз пачнецца ў Касцёле ва ўрачыстасць Звеставання Пана. У сувязі з гэтым былі надрукаваны плакаты, якія заахвочваюць да гэтай формы малітвы, і брашуры, якія ўтрымліваюць формулу прыняцця і малітвы, што належыць прамаўляць кожны дзень. У гэтым годзе брашуры змяшчаюць выяву Маці Божай Валадаркі азёраў, гэта звязана з сёлетняй Нацыянальнай пілігрымкай сем’яў у санктуарый Маці Божай Браслаўскай.

«Духоўнае ўсынаўленне» – адна з форм клопату Касцёла і яго вернікаў аб жыцці, якое знаходзіцца пад сэрцам маці і якому пагражае небяспека смерці. Пры гэтай нагодзе ўдзельнікі падкрэслілі важнасць акцый, якія праводзіць дзяржава, што абвяшчаюць каштоўнасць чалавечага жыцця і сям’і.

2. Было вырашана падрыхтаваць кампендый важных маральных праблем, з якімі сустракаюцца святары і свецкія асобы, рыхтуючы людзей да сужэнства. Разважанні пра маральныя дылемы, сабраныя разам у адной апрацоўцы, стануць дапамогай для тых, якія штодзень сустракаюцца з няпростай маральнай сітуацыяй.

3. Быў абмеркаваны стан падрыхтоўкі да І Кангрэсу сямейных рухаў у Беларусі, які адбудзецца 13-15 мая ў Баранавічах. Тэма кангрэсу – «Прабачэнне і паяднанне ў сям’і». Сярод дакладчыкаў запрошаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, ксёндз Андрэй Рылка, Наталля Пан, Галіна Масленікава. Кангрэс пачнецца 13 мая ў 17.00.

Праграма, акрамя дакладаў, уключае працу ў групах метадам «адкрытай прасторы». Вынікам працы павінен стаць канчатковы дакумент, апрацаваны кіраўнікамі дыскусійных груп. Будзе таксама магчымасць задаць пытанні ўсім дакладчыкам. Кангрэс завершыцца 15 мая ў абедзенны час. Запіс па тэлефонах: +375 29 130 18 54+375 29 130 18 54 (а. Пётр Фраштэнга), +375 29 340 77 4 (с. Барбара Сайнок), а таксама ў дыяцэзіяльных душпастыраў сем’яў. Запіс працягваецца да канца красавіка.

4. Па ўзгадненні з біскупам Віцебскім вызначана дата Нацыянальнай пілігрымкі сем’яў да Маці Божай Браслаўскай. Сёлета яна ўпершыню будзе праходзіць два дні і адбудзецца 10-11 верасня. Пілігрымка пачнецца 10 верасня ў 13.00 прывітаннем, завершыцца 11 верасня ў 13.00 абедам. Дэвіз пілігрымкі – «Прабачэнне і паяднанне ў сям’і». Праграма будзе вядома пазней.

5. Было вырашана ўзгадніць форму дакумента заліку перадсужэнскіх курсаў.

Наступнае пасяджэнне Рады па справах сям’і плануецца правесці 14 чэрвеня ў Пінску.

А. Пётр Фраштэнга OCD, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ, (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by