Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды распачацця Сусветных дзён моладзі ў Кракаве | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
29.07.2016 03:22

Браты ў святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі і людзі добрай волі Беларусі!

Сардэчна вітаю ўсіх вас з папскага гарада Кракава, дзе сёння распачаліся XXXI Сусветныя дні моладзі, дэвіз якіх «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7) і якія Святы Айцец Францішак назваў пілігрымкай веры і братэрства.

Сучасны свет, у якім так шмат трывог, патрабуе сведчання веры, бо дарога без Бога вядзе ў нікуды. Патрабуе ён і сведчання братэрства. І гэтае сведчанне павінна даць моладзь, якая адкрыта да дыялогу і якую не раздзяляюць межы нацыянальнасцяў, мовы, культуры і традыцый. Сённяшні Кракаў — гэта сусветнае скрыжаванне розных культур і традыцый. Гэта таксама месца паяднання і надзеі, бо, як казаў св. Ян Павел II, менавіта моладзь з’яўляецца надзеяй свету і Касцёла. А гэтай надзеі сёння не хапае сучаснаму свету. Аднак, каб быць здольнымі яе несці свету, нам усім неабходны новы місійны дынамізм і душпастырскае навяртанне з мэтай быць мастамі паяднання і адкрытымі на патрабуючых, згубленых і шукаючых Божай праўды.

У атмасферы тэрарыстычных актаў, якія не спыняюцца, і вайсковых дзеянняў у розных краінах свету распачаўся гэты сусветны форум моладзі, галоўнымі апекунамі якога з’яўляюцца «сакратарка» Езуса Міласэрнага святая Фаўстына Кавальская і апостал Божай міласэрнасці святы Ян Павел II. Менавіта ён казаў, што адзінай надзеяй сучаснага свету з’яўляецца Божая міласэрнасць.

Перад абліччам выклікаў, з якімі сёння сустракаецца свет, асабліва выклікамі тэрарызму, мы бачым, што Папа Вайтыла меў рацыю.

У сувязі з гэтым звяртаюся да вас, святары, кансэкраваныя асобы, вернікі і людзі добрай волі, даверым Божай міласэрнасці Сусветныя дні моладзі, якія распачаліся. Няхай наша малітва выпрасіць у Бога ласку спакойнага і духоўна плённага святкавання Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Кракаў, 26 ліпеня 2016 г.

P.S. Прашу святароў азнаёміць вернікаў з гэтым заклікам, а ў інтэнцыі спакойнага святкавання і добрых духоўных плёнаў гэтага моладзевага форуму ва ўсе дні яго трывання пасля кожнай святой Імшы прамовіць «Ойча наш», «Вітай, Марыя» і «Хвала Айцу і Сыну і Духу Святому» або іншую адпаведную малітву. 

 
© 2003-2021 Catholic.by