Біскуп Яшэўскі прымае ўдзел у кангрэсе ў Рыме | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
20.10.2016 10:23

З 19 па 21 кастрычніка ў Рыме праходзіць кангрэс, прысвечаны душпастырству пакліканняў. У форуме, арганізаваным Кангрэгацыяй па справах духавенства, прымае ўдзел і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Сярод удзельнікаў, якіх на кангрэсе звыш 200 чалавек, — кардыналы, біскупы, святары, кансэкраваныя і свецкія асобы, адказныя ў сваёй краіне за душпастырства пакліканняў. У складзе дэлегацыі з Беларусі акрамя біскупа Яшэўскага, які адказвае за фармацыю семінарыстаў і святароў, таксама кс. Андрэй Лішко, адказны за душпастырства пакліканняў у Гродзенскай дыяцэзіі.


Біскуп Аляксандр Яшэўскі выступіць на кангрэсе з дакладам на тэму «Заданні пастыраў у галіне пакліканняў». У выступленні іерарх засяродзіцца на абавязках біскупаў як першых пастыраў і прэзбітэраў.

У праграме кангрэсу — даклады і практычная частка, праца ў групах, супольная малітва і адарацыя, аўдыенцыя са Святым Айцом. 21 кастрычніка ўдзельнікі кангрэса пройдуць праз Брамы Міласэрнасці ў ватыканскай базыліцы, дзе прымуць удзел у цэлебрацыі літургіі.

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by