Звеставанне жыцця | Друк |
Каляндар
25.03.2017 05:43

За дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння Касцёл адзначае ўрачыстасць Звеставання Пана. Гэта дзень, у які Арханёл Габрыэль абвясціў дзяўчыне Марыі аб тым, што яна стане Маці Бога, і ў гэты дзень пад яе сэрцам з’явіўся Хрыстус.

Дата, аднак, умоўная, як і дзень нараджэння Хрыста. Ва Усходніх Цэрквах гэтае свята адзначалі ўжо ў V стагоддзі, а на Захадзе — з часоў пантыфікату Грыгорыя Вялікага (VІІ ст.).

Урачыстасць Звеставання Пана падкрэслівае тое, што вызнае Касцёл: «Ён (Хрыстус) дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі і стаўся чалавекам». Стаўся падобны да нас ва ўсім, апрача граху. Ён — Эмануэль, што азначае Бог з намі.

У энцыкліцы Evangelium vitae, абвешчанай 25 сакавіка 1995 г., Ян Павел ІІ прапанаваў штогод у гэта свята адзначаць Дзень жыцця, каб звярнуць увагу грамадскасці на яго каштоўнасць. Для таго, каб кожная жанчына і ўсе людзі, нягледзячы ні на якія складанасці і праблемы ў жыцці, на ўзор Марыі заўсёды казалі «так» новаму жыццю з моманту зачацця.

У апошнія гады ў Беларусі пашыраецца добрая традыцыя духоўнага ўсынаўлення. Ва ўрачыстасць Звеставання Пана (а таксама і ў іншыя марыйныя святы) многія вернікі бяруць на сябе абавязак на працягу дзевяці месяцаў маліцца за дзіця, якому пагражае аборт.

«Трэба, каб гэты дзень быў падрыхтаваны і адзначаўся з дзейсным удзелам усіх членаў мясцовага Касцёла. Яго асноўнай мэтай з’яўляецца абуджэнне ў сумленнях, у сем’ях, у Касцёле і свецкай грамадскасці ўражлівасці на сэнс і каштоўнасць чалавечага жыцця ў кожным моманце і ў кожным стане. Неабходна асабліва падкрэсліваць, якім вялікім злом з’яўляецца перарыванне жыцця і эўтаназія», — чытаем у сёлетнім пасланні біскупаў Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана.


Таксама па тэме:

Беларускі святар, які пажадаў не называць свайго імя, напісаў верш і зманціраваў відэа-ролік пад назвай «Маналог ненароджанага». Праз гэтыя вершаваныя радкі душпастыр звяртае ўвагу на тое, што жыццё пачынаецца ад самага зачацця, і дзіця ва ўлонні маці адчувае вялікі смутак, калі яна не хоча яго прыняць.


(SZh), (VGr)

 
© 2003-2022 Catholic.by