| Узгадваем св. Дамініка, абаронцу чысціні веры | | Друк | | 
| Каляндар | 
| 07.08.2011 11:28 | 
| 
 Дамінік (Дамінго Гусман) нарадзіўся ў Іспаніі каля 1170 г. Атрымаўшы святарскае пасвячэнне, ён разам са сваім сябрам біскупам Дыего дэ Асэвэдо падарожнічаў па Еўропе. На Поўдні Францыі яго ўразілі сумныя наступствы распаўсюджаных у той час ерасяў альбігойцаў і вальдэнсаў. Дамінік вырашае прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці і сведчыць аб сапраўдным Касцёле Хрыстовым.  За некалькі гадоў плённай працы Дамініку ўдаецца навярнуць шмат падманутых ератыкамі людзей, і вакол яго збіраецца кола аднадумцаў. У 1215 г. яны стварылі жабрачы закон вандроўных прапаведнікаў — дамініканаў, які ўжо праз год быў зацверджаны Папам. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці ордэна сталі ўбоства і навука, скіраваная на абарону чысціні веры Касцёла. Дамінік стварыў таксама жаночую супольнасць ордэна (дамініканкі) у Пруйлі (Францыя).  Дамінік памёр 6 жніўня 1221 г. у Балоньі і быў там пахаваны. Святы з’яўляецца апекуном краўцоў.  На сённяшні дзень у Беларусі працуе шэсць айцоў дамініканаў у Віцебску і Магілёве. Да Ордэна Братоў Прапаведнікаў належыць таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Беларускія дамінікане ўтвараюць так званы Беларускі вікарыят Польскай правінцыі.  У нашай краіне дамінікане займаюцца душпастырскай працай у парафіях, выкладчыцкай (а. Пётр Рудкоўскі ОР) і навуковай-даследчыцкай дзейнасцю. Дамінікане праводзяць сустрэчы па філасофіі, удзельнічаюць у правядзенні мастацкіх пленераў.  Працуюць у Беларусі таксама законніцы Кангрэгацыі Сясцёр св. Дамініка, а ў супольнасць свецкіх дамініканаў уваходзяць 12 чалавек з Віцебска, Мінска і Баранавічаў.   
 |