Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса | Друк |
Каляндар
15.06.2012 03:00

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Каталіцкім Касцёле — свята, прысвечанае ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста. Адзначаецца ў пятніцу, на восьмы дзень пасля ўрачыстасці Божага Цела Хрыста і на дванаццаты дзень пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Сэрца Хрыста з’яўляецца сімвалам любові Бога да людзей, такім чынам, гэтае свята адлюстроўвае падзяку Богу за Яго любоў і дараванае збаўленне.

У літургічным календары ўрачыстасць Сэрца Езуса з’явілася параўнальна нядаўна, яно было ўстаноўлена папам Піем IX у 1856 годзе. Яго ўсталяванне было замацаваннем ужо існуючай шматвяковай традыцыі асаблівага шанавання Сэрца Збаўцы.

Своеасаблівы штуршок у развіцці ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса быў звязаны з іменем сястры законнай Маргарыты Марыі Алякок. Гэтай манахіні, якая жыла ў XVII стагоддзі, Збаўца з’яўляўся некалькі разоў і выказаў жаданне, каб Яго Сэрца ўшаноўвалася ва ўсім свеце.

Сястра Маргарыта ўдастоілася некалькіх аб’яўленняў: Сэрца Езуса з’явілася ёй на вогненным троне ў цярновым вянку са знакам крыжа. Езус, паказваючы на свой прабіты бок, папракаў людзей у няўдзячнасці пралітай Ім на крыжы крыві. Якую ахвяру ўміласціўлення трэба прынесці Хрысту за грахоўную бяздушнасць людзей? У тыя часы яшчэ не было звычаю частага прыняцця святой Камуніі, і Езус так загадаў с. Маргарыце: «Прымай Камунію ў першую пятніцу кожнага месяца, а ўначы з чацвярга на пятніцу, упаўшы ніцма, маліся перад Святымі Дарамі!»

У адным з наступных аб’яўленняў Езус Хрыстус загадаў на восьмы дзень пасля ўрачыстасці Божага Цела праслаўляць Яго Сэрца як ахвяру  ўміласціўлення за няўдзячнасць людзей, што адмаўляюць Яго любоў. Асабліва Езус дакараў у няўдзячнасці тых, каго Ён у сваёй дабрыні паклікаў на служэнне сабе і святому Касцёлу, якія вядуць лад жыцця, няварты такога ўзнёслага звання.

Тое, што ўчыніў Збаўца нікому дагэтуль не вядомай манахіні, стала прапаведавацца ва ўсім Касцёле, на ўсіх кантынентах. Ствараліся манаскія ордэны і супольнасць Святога Сэрца Езуса. Хрыстоваму Сэрцу прысвячаліся парафіі, школы, бальніцы, храмы. Самым вядомым храмам, прысвечаным Сэрцу Езуса, з’яўляецца базыліка Сакрэ-Кёр у Парыжы.

Аднак не абышлося і без супярэчнасцяў. Ушаноўваць цялеснае сэрца здавалася непаважлівым у адносінах да Бога. Некаторыя павучальныя кнігі аб гэтым новым кульце крытыкаваліся і нават забараняліся. Былі цяжкасці і іканаграфічнага парадку: ці можна наогул, і як, адлюстроўваць канкрэтнае сэрца?

У XVI стагоддзі, асабліва дзякуючы ордэну езуітаў, культ Сэрца Езуса дасягае апагею. У 1672 г. а. Ян Эд, які быў спаведніком сястры Маргарыты Марыі Алякок, адслужыў з дазволу біскупа першую святую Імшу ў гонар Сэрца Езуса Хрыста.

Апостальская Сталіца на працягу ста гадоў не абвяшчала новае свята афіцыйна. Першы дазвол быў атрыманы польскімі біскупамі ад папы Клімента XII у 1765 годзе, а ў 1856 годзе папа Пій IX увёў літургічнае святкаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса як абавязковае для ўсяго Касцёла. Папа Пій XII прысвяціў ушанаванню Сэрца Езуса спецыяльную энцыкліку ў 1956 г.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса пасля прыняцця святой Камуніі чытаецца малітва, у якой выказваецца просьба, каб Сэрца Езуса, у якім свет адкрывае сапраўдную прыроду Бога, навучыла нас бачыць Хрыста ва ўсіх людзях.

У сучасным касцёльным календары Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, акрамя спецыяльнай урачыстасці, прысвечана кожная пятніца, а таксама ўвесь месяц чэрвень.

Вікторыя Колзун

 
© 2003-2024 Catholic.by