Успамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі | Друк |
Каляндар
16.06.2012 03:00

Успамін Беззаганнага Сэрца Марыі — свята, прысвечанае ўшанаванню Беззаганнага Сэрца Багародзіцы. Адзначаецца ў суботу, на наступны дзень пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса, на дзявяты дзень пасля ўрачыстасці Божага Цела і на трынаццаты пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Сэрца Марыі з’яўляецца сімвалам любові Багародзіцы да людзей, а таксама міласэрнасці і спачування да чалавецтва, за выратаванне якога яна няспынна ўзносіць малітву.

Шанаванне Сэрца Марыі, як знаку любові да людзей, з’явілася ў сярэднявеччы. Асаблівая заслуга ў распаўсюджванні культу Сэрца Марыі належыць аратарыянцу а. Яну Эду. Ён злучаў яго з культам шанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Айцец Ян Эд пачаў адзначаць гэтае свята ў 1643 годзе. Ён усталяваў яго для сваіх манаскіх супольнасцяў на 8 лютага. Ён жа заснаваў кангрэгацыю, якая носіць імя Сэрцаў Езуса і Марыі, і склаў адпаведныя літургічныя тэксты для  Літургіі гадзінаў (Брэвіярыя)  і св. Імшы. Таксама гэтым святаром напісана самая першая кніга пра ўшанаванне Сэрца Марыі, якая называлася «Цудоўнае Сэрца Найсвяцейшай Маці Божай».

Святы Ян Эд пачаў сваё рэлігійнае вучэнне з ўшанавання Сэрца Марыі і працягнуў яго ўшанаваннем Найсвяцейшага Сэрца Езуса, тлумачачы гэта так: «Вы ніколі не павінны падзяляць тое, што Бог настолькі дасканала злучыў. Так цесна Езус і Марыя звязаны адно з адным, што той, хто сузірае Езуса, бачыць Марыю; кожны, хто любіць Езуса, любіць Марыю; хто мае адданасць Езусу, мае адданасць Марыі».

Папа Пій VII зацвердзіў свята Беззаганнага Сэрца Марыі як лакальнае для некаторых дыяцэзій і манаскіх супольнасцей. З тых часоў атрымалі таксама распаўсюджанне выявы Сэрца Езуса і Сэрца Марыі.

Больш за ўсё, аднак, распаўсюджванню шанавання Сэрца Марыі паслужыў О. Жэрэт (Geretes),  пробашч касцёла Маці Божай Пераможцы ў Парыжы. У 1836 годзе ён заснаваў брацтва Маці Божай Пераможцы, мэтай якога было навяртанне грэшнікаў праз Сэрца Марыі. У 1892 годзе брацтва налічвала 20 мільёнаў удзельнікаў.

З XIX стагоддзя сталі цэлебравацца набажэнствы ў гонар Беззаганнага Сэрца Марыі. Пачатак гэтаму паклала абвяшчэнне дагмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі папам Піем IX у 1854 годзе, а таксама аб’яўленні Маці Божай у Люрдзе (1858 г.) і  Фаціме (1917 г.).

На ўвесь Касцёл распаўсюдзіў святкаванне Беззаганнага Сэрца Марыі папа Пій XII 4 мая 1944 года. Але літургічная рэформа пасля Другога Ватыканскага Сабору перанесла яго на суботу пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Вікторыя Колзун

 
© 2003-2024 Catholic.by