| 
					2 ліпеня — урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай			 | 
				
		| Друк |		 | 
	
	| 
								
													Каляндар												
					 | 
	| 
		02.07.2013 16:27	 | 
| 
  2 ліпеня адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У апошнія гады культ Маці Божай Будслаўскай, якую называюць Апякункай Беларусі, распаўсюдзіўся па ўсёй нашай краіне. 
Цэнтр святкавання — невялікая вёска на поўначы Мінскай вобласці, назва якой — Будслаў — вядомая сёння ва ўсёй Беларусі і за яе межамі. Там знаходзіцца Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Будслаўскі касцёл, адна з самых прыгожых і вялікіх святыняў на нашай зямлі, быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі і з’яўляецца малой базылікай. 
  Кожны год у Будслаў ідуць і едуць тысячы пілігрымаў, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю, папрасіць праз Яе заступніцтва асаблівых ласкаў Божых і прыняць удзел ва ўрачыстым будслаўскім фэсце.
  Сёлета юбілейны фэст, прысвечаны 400-годдзю прабывання абраза Маці Божай у Будславе, адбудзецца 5–6 ліпеня. Урачыстасці пройдуць пад дэвізам «Марыя — Маці нашай веры». У іх прыме ўдзел легат Святога Айца Францішка — старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран. Падрабязна пра гісторыю будслаўскай святыні і цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай можна даведацца на сайце Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе.  (AG) 
  
 |