Праца — рэабілітацыя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі | Друк |
Дабрачыннасць
09.09.2010 15:13

Што неабходна людзям з абмежаванымі магчымасцямі, чаго яны жадаюць, як могуць сябе рэалізаваць і што ім можа даць грамадства, — над гэтымі і іншымі пытаннямі разважалі ўдзельнікі першага ўводнага семінара ў межах рэалізацыі дабрачыннай праграмы па працоўнай рэабілітацыі маладых інвалідаў «Крок наперад». 9 верасня 2010 г. у Цэнтры «Карытас» імя св. Лукі (п. Ляскоўка) сабраліся кіраўнікі 25 сацыяльных цэнтраў, якія маюць непасрэднае дачыненне да працы з інвалідамі.

Сустрэча распачалася прывітальным словам дырэктара «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандра Фаміных і благаслаўленнем удзельнікаў на працу ў семінары. Праводзяць семінар госці з аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц, якія задзейнічаны ў працоўнай рэабілітацыі інвалідаў: Гертрауд Ассманн, Вольфганг Шайдл.

Не сакрэт, што найбольшую складанасць у пытанні сацыялізацыі інвалідаў прадстаўляе ментальнасць грамадства: чалавек з абмежаванымі магчымасцямі — не такі, як усе. У выніку ўзнікае двухбаковая праблема: здаровыя людзі, не пераадольваючы псіхалагічны бар’ер, аддаляюцца ад інвалідаў; інваліды ж і без таго адчуваюць страх перад грамадствам.

Па словах Гертрауд Ассманн, Канвенцыя Еўрасаюза аб абароне правоў чалавека прадугледжвае пазбаўленне ад стэрэатыпаў, якія склаліся ў свядомасці людзей адносна інвалідаў.

Акрамя гэтага, як адзначыла спадарыня Ассманн, людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны мець адпаведны рытм жыцця, які ўключае не толькі самаабслугоўванне (па меры магчымасці), але таксама працу, а значыць і час на адпачынак. Праца, як вядома, займае асноўную частку жыцця чалавека, з’яўляецца своеасаблівым стрыжнем, які дазваляе развівацца і быць незалежным. На думку спадарыні Ассман, праца з’яўляецца сапраўднай рэабілітацыяй людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Не менш актуальнай з’яўляецца і праблема працаўладкавання такіх людзей. На сённяшні дзень гэтым у асноўным займаюцца тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Нярэдка пасля атрымання адпаведнай адукацыі людзі з абмежаванымі магчымасцямі становяцца штатнымі супрацоўнікамі гэтых жа цэнтраў. Як адзначыла дырэктар Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Корсак, «сёння не кожны кіраўнік арганізацыі адважыцца прыняць на работу інваліда, бо, на жаль, застаецца псіхалагічная блакада».

Дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага обслугоўвання насельніцтва Любанскага раёна Іна Усік таксама адзначыла, што людзям з абмежаванымі магчымасцямі вельмі складана інтэгравацца ў грамадства, а гэта перашкаджае ў іх асабістым развіцці і далейшым росце, пры тым, што сярод інвалідаў вельмі шмат таленавітых, творчых людзей.

Адным з першасных крокаў у рэалізацыі праграмы па працоўнай рэабілітацыі маладых інвалідаў, на думку Гертрауд Ассманн, з’яўляецца абмен вопытам і адукацыя спецыялістаў, задзейнічаных у дадзенай сферы.

Ксёндз Аляксандр Фаміных, між іншым, адзначыў, што ў будучым пры ўдзеле «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі плануецца заснаванне невялікага вытворчага прадпрыемства з працоўнымі месцамі для інвалідаў.

Тэрытарыяльнымі сацыяльнымі цэнтрамі ў супрацоўніцтве з рэлігійнай місіяй «Карытас» на сённяшні дзень рэалізуюцца шматлікія праекты.

 
© 2003-2025 Catholic.by