Пераадольваць цяжкасці і дапамагаць іншым варта павучыцца ў «Талентаў чыстых сэрцаў» | Друк |
Дабрачыннасць
30.05.2012 15:11

1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень дзіцяці. Але ці кожнае дзіця нашай краіны перажывае свята ў гэты дзень, ці не застаецца самотным, пакінутым, незаўважаным? Ці ўмеем мы рабіць дабро, проста так, нават без прычыны і нагодаў? Калі ваш адказ адмоўны, то раім павучыцца ва ўдзельнікаў акцыі «Таленты чыстых сэрцаў».

29 мая ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах адбыўся гала-канцэрт удзельнікаў акцыі «Таленты чыстых сэрцаў». Акцыя распачалася яшчэ ў пачатку мая, а яе ўдзельнікамі сталі дзеці з 16 інтэрнатаў Мінскай вобласці. Ініцыятарам акцыі з’яўляецца Моладзевая каталіцкая місія «Чыстыя сэрцы» пры дапамозе ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.   

У фінальны канцэрт, што адбыўся 20 мая ў маладзечанскім Палацы культуры, трапілі 14 нумароў (каля ста чалавек). Гала-канцэрт у Бараўлянах складаўся з 11 нумароў, у якіх удзельнічалі каля 40 чалавек.

«Складана, канечне, выступаць перад такімі дзецьмі і іх бацькамі, паколькі яны ўсе стомленыя сваёй хваробай і не хочацца, каб іх яшчэ і канцэрт стаміў. Але калі яны зразумелі, што за дзеці перад імі — таксама хворыя, дзеці-сіроты, якія перажылі шмат цяжкасцяў, але знаходзяць у сабе сілы, каб выступаць, дзяліцца радасцю і зрабіць крок наперад да тых, хто таксама патрабуе дапамогі — яны з радасцю іх прынялі», — адзначыў кс. Юрый Санько, дырэктар місіі «Чыстыя сэрцы».

За сродкі, сабраныя падчас фінальнага дабрачыннага канцэрта «Таленты чыстых сэрцаў», атрымалася набыць тэхніку для адміністрацыі і падарункі для 160 дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў цэнтры, і звыш 40 дзяцей, якія знаходзяцца на дзённым стацыянары.

Дзякуючы дадзенай акцыі выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатаў Мінскай вобласці зразумелі, што праз свае таленты могуць зрабіць свой уклад на карысць іншых дзяцей, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі. Дзеці, якія, здавалася б, чакаюць падтрымкі, самі сталі тымі, хто нясе дапамогу і радасць.

«Удзячны Богу, што нам удалося запусціць дадзены праект, і вельмі рады, што ўдалося рэалізаваць яго мэты», — адзначыў кс. Юрый Санько.

Святлана Жылевіч


 
© 2003-2024 Catholic.by