«Карытас» у Гомелі правядзе курсы па жэставай мове для дзяцей з цяжкімі парушэннямі слыху і іх бацькоў | Друк |
Дабрачыннасць
17.10.2013 12:27

Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» у Гомелі працягвае рэалізацыю праграмы па арганізацыі бясплатных заняткаў па вывучэнню жэставай мовы. Гэтыя заняткі прызначаны для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкімі парушэннямі слыху і адчуваюць цяжкасці ў зносінах з такімі дзецьмі.

Курсы распачнуцца з другой чвэрці ў гомельскай школе №70 і будуць працягвацца ўвесь навучальны год. Разам з бацькамі вучыць будуць і дзяцей, развіваючы ў іх дробную маторыку.

«Больш за палову дзяцей з парушэннямі слыху маюць бацькоў, якія не валодаюць жэставай мовай і не ведаюць, як дапамагчы свайму дзіцяці. На жаль, па розных прычынах большасць бацькоў знаёмяцца з жэставай мовай, толькі калі дзіця пачынае наведваць дзіцячы сад або школу. А гэта значыць, што на працягу ўсяго ранняга дзяцінства дзіця адчувае востры недахоп інфармацыі і зносін, якія так неабходныя маленькаму чалавеку для развіцця. Часта дзіця з парушэннем слыху адчувае ізаляцыю нават ва ўласнай сям'і. Яго не разумеюць не толькі браты і сёстры, але і дарослыя члены сям'і. Бацькам, што вывучылі жэставую мову, дзеці змогуць лепш растлумачыць, што ў іх баліць, дзе яны хочуць вучыцца і ўсё, што так важна распавядаць сваім мамам і татам», — адзначылі ў гомельскім «Карытас», падкрэсліўшы, што будуць і далей развіваць праект.

Курсы бясплатныя, на іх могуць запісацца ўсе жадаючыя.

Паводле гомельскага каталіцкага сайта Нараджэння Божай Маці

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by