Супрацоўнікі «Карытас» у Беларусі вучыліся правільна прадстаўляць праекты дабрачынных ініцыятыў | Друк |
Дабрачыннасць
26.10.2013 11:35

На працоўнай сустрэчы з Зігрыд Шпіндльбэк, прадстаўніком партнёрскага «Карытас» з Лінца (Верхняя Аўстрыя), супрацоўнікі «Карытас» у Беларусі шукалі адказы на пытанні, як правільна і ў карэктнай форме прадставіць праекты дабрачынных ініцыятыў, як належным чынам прадставіць мэтавую аўдыторыю і зрабіць так, каб праект пачаў дзейнічаць згодна з еўрапейскімі стандартамі, якім чынам добра складаць справаздачы, бюджэт праектаў, як еўрапейскія эксперты праводзяць кантроль вынікаў і дасягненняў.

Зігрыд Шпіндльбэк каля 20 гадоў адказная за праекты ва Усходняй Еўропе з аўстрыйскага боку. Ініцыятыва такіх трэнінгаў бачыцца як сяброўская партнёрская дапамога і вельмі патрэбная, улічваючы тое, што акцэнты і прыярытэты ў напісанні праектаў мяняюцца згодна з еўрапейскімі тэндэнцыямі. Трэнер папярэдзіла, што няма агульнага рэцэпту на бліжэйшыя 10 гадоў.

Працаўнікі са стажам адзначаюць, што, нягледзячы на вопыт, патрэбна сачыць за апошнімі тэндэнцыямі, абменьвацца вопытам, і дадзеная сустрэча была вельмі практычнай па новаўведзеных формах праектаў і справаздач. "Свет дабрачыннасці не стаіць на месцы, і мы таксама рады сачыць за апошнімі тэндэнцыямі”, - заўважаюць калегі "Карытас".

Сваімі ўражаннямі дзеляцца і маладыя супрацоўнікі “Карытас”, якія працуюць у арганізацыі каля года:

“Канструктыўна, вельмі інфарматыўна і практычна, вельмі добра расстаўлены акцэнты. А таксама прыемна было ўбачыць усіх і з усімі пазнаёміцца. Такія сустрэчы вельмі патрэбны, бо яднаюць ўсіх і закладваюць добры тэарэтычны фундамент па дзейнасці дабрачынных арганізацый”.

“Цікавым і вельмі насычаным быў сённяшні дзень. Карысна даведацца з пункту гледжання донараў, як ацэньваюцца і фінансуюцца нашы праекты. Як аказалася, ёсць пэўная мода на стратэгію і спосаб падачы матэрыяла. Уразіў аповед пра глыбокі аналіз вынікаў праекта, як гэта даследуецца. Ну а яшчэ карысна паўтарыць тое, што ўжо ведалі, і сённяшні дзень стаўся цудоўнай нагодай для гэтага”.

Паводле caritas.by

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by