«Карытас» раcпрацоўвае ўнутраныя стандарты ў палітыцы аховы правоў дзяцей | Друк |
Дабрачыннасць
22.11.2013 13:36

22 лістапада ў цэнтры св. Лукі ў Ляскоўцы адбылася сустрэча супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” з Беларусі  з аўстрыйскім экспертам па пытанню распрацоўкі ўнутранага дакумента арганізацыі ў палітыцы аховы правоў дзяцей.

Прававая дапамога дзіцяці, найперш прафілактыка злоўжыванняў і злачыннасцяў супраць самых безабаронных, нягледзячы на шматлікія праграмы, з’яўляецца актуальнай для беларускага грамадства.

Адрасатамі многіх праектаў “Карытас” з’яўляюцца дзеці. Як абараніць дзіця перад праблемай насілля ў розных яго праявах? Як спецыялістам заўважыць па паводзінах дзіцяці, што яно стала ахвярай злоўжывання? Як можна абараніць арганізацыю ад прыходу тых, каму забаронена працаваць з дзецьмі, і прадухіліць трагедыі?

“Карытас” жадае зрабіць унёсак у рашэнне гэтых праблем і перш за ўсё дзейнічаць на карысць дзяцей. Таму ў межах праекта “Перш за ўсё сям’я, правы дзіцяці – зараз” беларускімі прадстаўнікамі арганізацыі быў распрацаваны ўнутраны дакумент па ахове правоў дзяцей. У дакуменце адлюстраваны асноўныя хрысціянска-маральныя каштоўнасці працы “Карытас”, сфера ўжывання дакумента, межы адказнасці за злоўжыванне, спосабы распазнання ахвяр гвалту, сістэма прафілактыкі і рэагавання, этычны кодэкс, кодэкс паводзінаў і г.д.

Зараз на заключным этапе працы па зацвярджэнні дакумента эксперт з Аўстрыі Вальтрауд Гугербаер, што з боку аўстрыйскіх партнёраў прымае ўдзел у рапрацоўцы ўнутраных стандартаў “Карытас” краін СНД па працы з дзецьмі, дзеліцца сваім вопытам і дапаўненнямі.

Як адзначае дырэктар каталіцкага таварыства “Карытас” кс. Віктар Гайдукевіч,  гэты дакумент у будучыні станецца асноўным зводам правіл “Карытас” для валанцёраў і супрацоўнікаў па працы з дзецьмі.

Ганна Страшкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by