«Карытас» Беларусі, Аўстрыі, Малдовы, Украіны разам у ахове правоў дзяцей | Друк |
Дабрачыннасць
22.11.2013 19:57

У межах нацыянальнага праекту «Перш за ўсё сям’я, правы дзіцяці — зараз» дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» другі дзень збіраюцца спецыялісты па працы з дзецьмі, каб развіваць сваю дзейнасць, падзяліцца вопытам і адкрываць новыя гарызонты. Праект аб’ядноўвае Беларусь, Малдову і Украіну і мае на мэце дапамогу краінам у рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі ААН па правах дзіцяці.

Дзень 22 лістапада быў насычаным тэорыяй і практыкай і сабраў спецыялістаў з «Карытас» Аўстрыі, Беларусі, Малдовы і Украіны.

У першай палове дня спецыялісты прынялі ўдзел у трэнінгу пад назвай «Дзецям – бяспечная кіберпрастора». Вядучымі выступілі супрацоўніцы грамадскага аб’яднання «Дзеці не для насілля», якія з 1997 года шукаюць усе магчымыя шляхі, каб прадухіліць гвалт над дзецьмі (у розных яго праяўленнях) і дапамагчы тым, хто ўжо стаў яго ахвярай. Таму нездарма гэтае грамадскае аб’яднанне лічыцца экспертам у дадзенай галіне на тэрыторыі Беларусі і з’яўляецца першым па часе заснавання і распачацця дзейнасці. Кіраўніцтва грамадскага аб’яднання актыўна супрацоўнічае з «Карытас» ад пачатку праекта па абароне правоў дзіцяці.

У праграме дня былі дыскусіі ў цікавай форме, праца ў групах, актуальныя даследванні і метадалогія выкладання.

Праблема бяспекі дзяцей ў віртуальнай рэальнасці з’яўляецца вельмі актуальнай і, як лічаць арганізатары трэнінгу, лепш часам прадухіліць пэўныя трагедыі, ратаваць дзіця яшчэ перад небяспекай, чым пасля лячыць раны, што застаюцца на ўсё жыццё. Згодна з праведзенымі даследваннямі, чвэрць падлеткаў Беларусі адзначаюць, што мелі ў сацыяльных сетках кантакты з незнаёмцамі, якія выклікалі насцярогу. Рост дзіцячай парнаграфііі, прастытуцыі – гэтыя праблемы становяцца актуальнымі, і супрацоўнікі «Карытас» па працы з дзецьмі стараюцца знайсці адказы на такія выклікі часу і прадухіліць трагедыі.

Другая палова дня была больш практычнай: дэлегацыю сустракала “SOS — Дзіцячая вёска” ў Бараўлянах. Кіраўніцтва арганізацыі — дырэктар і намеснік дырэктара — сардэчна сустрэлі ўсіх і запрасілі паглядзець на жыццё вёскі. На тэрыторыі знаходзяцца 12 дамоў сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца па 7-8 дзяцей. Кожны з 12 домікаў утульна аформлены, ёсць усё неабходанае для таго, каб дзеці пачулі сябе як дома. Пра будні прыёмнай мамы распавядала Надзея Салоха, якая працуе 6 гадоў у вёсцы і выхоўвае 7 дзяцей. Яна ўдава, мае дарослую дачку і сына, і на рашэнне стаць прыёмнай мамай, змяніць сваё жыццё і адгукнуцца на кліч сэрца паўплывалі яе родныя дзеці.
 
Кожнае дзіця тут успрымаецца з душой, і, хоць ва ўсіх свая асабістая, часам вельмі балючая і поўная горкага досведу гісторыя, супрацоўнікі вёскі жадаюць адагрэць гэтых дзяцей і падарыць ім шанс на шчаслівае дзяцінства і будучыню.

Напрыканцы спецыялісты «Карытас» падвялі вынікі двух дзён насычанай працы, выказаўшы пажаданне, каб такія міжнародныя сустрэчы і канферэнцыі сталі традыцыяй.

Дзень 23 лістапада ў межах праекта будзе прысвечаны ўнутранай палітыцы «Карытас» па правах дзіцяці, каб разам вылучыць галоўныя тэзісы па абароне правоў дзяцей у Беларусі.

Паводле caritas.by

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by