Для дзяцей, выратаваных у свой час ад аборту, фонд “Адкрытыя сэрцы” арганізаваў свята | Друк |
Дабрачыннасць
24.12.2013 15:17

У апошнія гады дзякуючы дзейнасці фонда “Адкрытыя сэрцы”, з дапамогай іх малітвы і кансультацый у Беларусі было ўратавана ад аборту 103 дзіцяці. Каб дапамагчы адчуць радасць Божага Нараджэння менавіта дзецям, выратаваным у свой час ад аборту, 21 снежня ў моладзевым цэнтры пры катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску працаўнікі фонда “Адкрытыя сэрцы” зладзілі свята.

На яго таксама былі запрошаны дзеці супрацоўнікаў і сяброў фонда разам з бацькамі і дзеці з асацыяльных сем’яў. “Хацелася б, каб гэтыя дзеці ўбачылі, што такое здаровая сям’я”, - паведаміла Настасся Кавалеўская, супрацоўніца фонда, якая з’яўляецца ініцыятарам правядзення свята і яго арганізатарам ужо ў другі раз.

Свята пачалося з вясёлых танцаў, пасля чаго валанцёры Руху святога Францішка паказалі тэатралізаванае прадстаўленне, якое мела радаснае і шчаслівае заканчэнне. Усе героі казкі ўбачылі Бэтлеемскую зорку, а маленькім гледачам было паказана, што дабрыня і спагадлівасць заўсёды вяртаюцца да чалавека, а дабро у сваю чаргу заўсёды перамагае зло.

Па заканчэнні выступіў айцец Кшыштаф Коц’ян ОР, пробашч касцёла святой Барбары, які распавёў дзецям пра тое, што такое Божае Нараджэнне.

Свята праходзіла ў радаснай атмасферы, на працягу ўсяго вечара гучаў дзіцячы смех і былі бачны ўсмешкі як дзяцей, так і дарослых. Асабліва радасна было бачыць усмешкі тых дзяцей, якія ў свой час маглі і не нарадзіцца. Былі праведзены вясёлыя гульні, усе дзеці маглі прадэманстраваць свае таленты, расказаўшы верш ці спеўшы песню, за што атрымлівалі прызы. Спецыяльна падрыхтаваныя падарункі атрымалі ўсе дзеці. Скончыўся вечар супольным пачастункам.

Кацярына Лаўрыненка  

 
© 2003-2024 Catholic.by