У Мінску прайшоў фінал дабрачыннага фестываля “Таленты чыстых сэрцаў” | Друк |
Дабрачыннасць
08.05.2014 11:27

Шаснаццаццю лепшымі мастацкімі нумарамі парадавалі мінскіх гледачоў навучэнцы дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў. У мінулыя выходныя адбыўся дабрачынны фінальны канцэрт фестывалю “Таленты чыстых сэрцаў”.

Лепшых з лепшых адабралі падчас адборачных тураў, удзел у якіх прынялі звыш 400 дзяцей і падлеткаў з 22 устаноў. Сам жа фестываль, які каталіцкая місія “Чыстае сэрца” і Мінаблвыканкам арганізуюць ужо ў трэці раз, праводзіцца не толькі для дзяцей-сірот, дзяцей з асаблівасцямі фізічнага і разумовага развіцця, але і для тых, хто праходзіць лячэнне і рэабілітацыю ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах. Менавіта для іх напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей навучэнцы інтэрнатаў выступяць з канцэртам і ўручаць сувеніры, ахвяраванні на якія збіраліся падчас фінальнага канцэрту ў Мінску.

“Гэта своеасаблівая ўзаемадапамога, - адзначае дырэктар місіі “Чыстае сэрца” кс. Юрый Санько. – Дзеці-сіроты дапамагаюць хворым дзеткам знайсці ў сабе сілы далей змагацца з хваробай”.

У Палацы прафсаюзаў, дзе праходзіў фінальны канцэрт, была таксама арганізавана выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свет вачыма дзяцей”.

Святлана Жылевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by