«Карытас-Міласэрнасць» працягне дапамогу афтальмалагічнаму аддзяленню гомельскай бальніцы | Друк |
Дабрачыннасць
03.12.2014 10:26

Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць» (ДКМ) працягне работу з дзіцячым афтальмалагічным аддзяленнем Гомельскай абласной клінічнай спецыялізаванай бальніцы. У прыватнасці, там плануецца адрамантаваць і ўладкаваць пакой сустрэч бацькоў з дзецьмі.

Пра гэта паведамляе сайт гомельскай каталіцкай парафіі.

За апошнія 9 месяцаў 2014 года тут пралячылі 1100 чалавек, з якіх 49 — з дзіцячых дамоў і 32 — дзеці-інваліды па зроку.

Пры знаходжанні дзіцяці ў аддзяленні за 14 дзён бацькі наведваюць яго 3-4 разы, што складае да трох тысяч наведванняў. Бацькам часта даводзіцца чакаць дзяцей на калідоры. Таму бальніцы быў неабходны пакой для наведванняў, які таксама будзе выконваць інфармацыйныя функцыі па прафілактыцы пагаршэння зроку, лячэбнай гімнастыцы і лячэнні дзіцяці ў хатніх умовах. У пакоі можна будзе і праводзіць кансультацыі з урачом.

— Таму мы спадзяёмся, што пры з'яўленні такога «пакоя сустрэч» палепшыцца арганізацыя работы дзіцячага афтальмалагічнага аддзялення падчас знаходжання ў ім наведвальнікаў і дзяцей, а таксама праца персаналу, — адзначылі ў ДКМ «Карытас-Міласэрнасць».

(IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by