«Карытас» арганізаваў дабрачынную калядную акцыю | Друк |
Дабрачыннасць
14.12.2014 18:00

14 снежня на тэрыторыі касцёла св. Сымона і св. Алены ў Мінску прайшла дабрачынная калядная акцыя “Бэтлеемская зорка”, арганізатарам якой выступіла Дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Карытас”.

На працягу апошняга месяца валанцёры і маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі з “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі і “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі рабілі калядныя падарункі, якія людзі мелі магчымасць набыць падчас акцыі. Таксама кожны жадаючы мог больш даведацца пра дзейнасць “Карытас”.
 
Ганна, адна з валанцёраў “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі, падзялілася сваімі ўражаннямі: “На мой погляд, такія акцыі вельмі важныя і дзейсныя, бо ўсе мы разам робім дабро на карысць дзяцей і моладзі, каб падарыць ім радасць на Каляды. Жадаю Дабрачыннай арганізацыі “Карытас” развіцця. Развіцця для супрацоўнікаў і валанцёраў, перш за ўсё духоўнага, каб як мага больш людей прымалі актыўны ўдзел у акцыях”.

“Гэта першы вопыт правядзення такой акцыі. І мы вельмі спадзяемся, што не апошні, - выказалі свае меркаванні арганізатары акцыі. - Мы вельмі ўдзячныя кожнаму, хто прыняў удзел у мерапрыемстве, бо падчас падрыхтоўкі да Калядаў кожны можа падарыць частку свайго сэрца іншаму. І мы маем надзею, што сродкі, якія былі сабраны сёння, паспрыяюць таму, каб у вачах дзетак заўсёды блішчала ўсмешка”.
 
Ахвяраванні ад продажу свечак і падзелак пойдуць на святочныя ініцыятывы “Карытас” і падарункі дзецям з малазабяспечаных сем’яў на Божае Нараджэнне.

Паводле caritas.by

(AG)

 

Фота caritas.by

 

 
© 2003-2024 Catholic.by