Супрацоўнікі архідыяцэзіяльнага «Caritas» наведалі з дапамогай Чавусы | Друк |
Дабрачыннасць
16.12.2015 14:45

15 снежня супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі наведалі адну з самых далёкіх ад Мінска парафій – Чавусы.

Мэтай візіту стала дапамога сямі сем’ям перасяленцаў з Луганскай і Данецкай абласцей Украіны. Супрацоўнікі «Caritas» прывезлі некаторую мэблю, вопратку, прадукты, пабывалі ў дзвюх сем’ях – Алега і Марыны Шабанавых і Дзмітрыя і Яўгеніі Казупавых у в. Благавічы Чавускага раёна.

У кожнай сям’і свая гісторыя, але іх яднае тое, што ў пэўны момант яны апынуліся ў чужой краіне і амаль ні з чым. На радзіме яны пакінулі працу, гаспадарку, утульнае жыллё, а тут ім усё прыходзіцца пачынаць з пачатку. Большасць перасяленцаў уладкаваліся працаваць у калгасы. Праца хоць і не высокааплочваемая, аднак ім дапамаглі з жыллём. Тым не менш жыллё ў большасці патрабуе грунтоўнага рамонту – сцены голыя, палы праваліліся, камунікацыі не падведзены, няма мэблі. Аднак гэта для перасяленцаў лепш, чым стрэлы і бомбы, таму сем’і паціху робяць рамонт. За лета ім ужо ўдалося замяніць палы, абклеіць некаторыя пакоі, падвесці электрычнасць і нават завесці гаспадарку – свіней, курэй, трусоў.

Яшчэ адным пунктам падарожжа супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага таварыства стала Чавуская раённая бальніца, куды яны прывезлі некаторае абсталяванне, а таксама наведалі яшчэ аднаго падапечнага чавускай парафіі – 20-гадовага Алега Сакалова, паралізаванага з-за пералома шыйнага пазванка. Даглядаць хлопца асабліва няма каму: бацькі памерлі, ёсць толькі стрыечны брат, у якога свая сям’я. У хлопца пачалі з’яўляцца пролежні, таму яго забралі ў шпіталь на некалькі тыдняў, але хутка ён вернецца дадому. Каб палегчыць яго побыт, супрацоўнікі «Caritas» прывезлі спецыяльні ложак для ляжачых хворых, інваліднае крэсла і прадметы асабістай гігіены, а акрамя таго, падтрымалі Алега добрым словам. Айцец Рыгор не губляе надзеі на рэабілітацыю хлопца.

Сем’ям з Украіны ўсё яшчэ патрэбна мэбля, посуд, напольнае пакрыццё, бытавая тэхніка. Тыя, хто мае жаданне дапамагчы, могуць звяртацца ў «Caritas» Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі:

Тэл.: +375 29 365 18 78  Вольга

Паводле www.caritas-minsk.by, Вольга Лабуць

(AG)

Фота www.caritas-minsk.by

 
© 2003-2024 Catholic.by