Дабрачыннае таварыства «Карытас» арганізавала для дзяцей адпачынак у Бельгіі | Друк |
Дабрачыннасць
24.08.2016 15:55

Гэтае лета стала для невялікай групы дзяцей з усіх дыяцэзій Беларусі адметным — цэлы месяц яны мелі магчымасць адпачываць у бельгійскіх сем’ях.

Як паведамляе caritas.by, група складалася з сямі дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў і аднаго суправаджаючага. Паездку арганізавала дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» пры фінансавай падтрымцы бельгійскай арганізацыі «Euro-Children».

Гісторыя «Euro-children» пачалася з 1957 года, калі на адпачынак прыязжалі дзеці бежанцаў з Германіі, у далейшым «Еuro-children» пачала прымаць дзяцей з Паўночнай Ірландыі, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Харватыі і іншых краін, а з 2013 года — і з Беларусі.



Сёлета групу з Беларусі сустракаў дырэктар «Euro-Children» Карэл Фермёлен, а таксама сем'і, у якіх дзеці павінны былі жыць на працягу ўсяго тэрміну знаходжання ў Бельгіі.

Для дзяцей была арганізавана насычаная культурна-забаўляльная праграма. Падчас аздараўлення ў сем'ях яны наведвалі заапаркі, басейны, аквапаркі, паркі атракцыёнаў. Многія з дзяцей пабывалі таксама ў Нідэрландах, Францыі і Германіі.

Уражанні ў кожнага дзіцяці розныя: аднаму больш за ўсё спадабаўся горад і забавы, іншаму — цырк і катанне на вярблюдзе, хтосьці застаўся ў захапленні ад парку забаў у «Беллевардзе» і адпачынку на моры. Але дзеці выказваюць вялікую падзяку ўсім, хто паспрыяў таму, каб гэтая паездка адбылася.

Паводле caritas.by

 
© 2003-2024 Catholic.by