У Мінску распачалася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная хрысціянска-юдэйскаму дыялогу | Друк |
Экуменізм
09.11.2009 19:05

9 лістапада 2009 г. у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Й. Рау распачалася праца канферэнцыі «Хрысціянска-юдэйскі дыялог: рэлігійныя каштоўнасці як аснова самапавагі ў грамадстве ва ўмовах глабальнага эканамічнага крызісу». У міжнароднай канферэнцыі прымае ўдзел прадстаўнік Святога Айца Бэнэдыкта XVI кардынал Вальтэр Каспер, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, а таксама кардынал Тэадор МакКарык, арцыбіскуп Вашынгтонскі на пенсіі.

Падчас адкрыцця канферэнцыі, на якой сабраліся лідэры розных канфесій, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій, офіса АБСЕ у Мінску, ААН/ПРААН у Беларусі і інш., з прывітальным словам да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, між іншым, адзначыў, што калі раўнапраўны хрысціянска-юдэйскі дыялог будзе прыносіць плён, гэта стане добрым прыкладам таго, як можна вучыцца на ўласных памылках пазбягаць новых складаных сітуацый.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў РБ Леанід Гуляка ў сваю чаргу адзначыў, што трагічны «лёс габрэяў — гэта таксама лёс нашай краіны». Па словах спадара Гулякі, шматнацыянальная і поліканфесійная беларуская дзяржава сёння прымае меры па прадухіленні антысемітызму ў краіне.

Кардынал Вальтэр Каспер, звяртаючыся да прысутных з прывітальным словам, выказаў сваю радасць з нагоды ўдзелу ў канферэнцыі. Ватыканскі іерарх паведаміў пра свой намер падзяліцца багатым станоўчым вопытам, назапашаным у сферы хрысціянска-юдэйскага дыялога. Па словах кардынала, рэлігійныя каштоўнасці як аснова ўзаемапавагі, а таксама міжканфесійнае супрацоўніцтва, з’яўляюцца неадменнымі фактарамі ў сумесным адказе на выклікі сучаснасці. Звяртаючыся да прадстаўнікоў габрэйскіх таварыстваў, прадстаўнік Святога Айца скіраваў ім «цёплае шалом».

Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, «хрысціянства духоўна аб’ядналася з патомствам Абрагама і мае агульную з юдэямі вялікую духоўную спадчыну, на якую неабходна абапірацца ў развіцці ўзаемаадносінаў». «Бог Абрагама і Ісаака — гэта таксама Бог хрысціян, — нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Нездарма мы называем юдэяў нашымі старэйшымі братамі ў веры. Другі Ватыканскі Сабор, які даў новы штуршок для развіцця хрысціянска-юдэйскага дыялога, падкрэслівае агульную аснову хрысціянства і юдаізму».

Поўны тэкст прывітальнага слова Мітрапаліта Кандрусевіча на рускай мове >>>

Падчас канферэнцыі, якая будзе працягвацца да 11 лістапада, будуць абмеркаваны тэмы адносінаў хрысціянства і юдаізму і праблема глабалізацыі. Цэнтрам дыялога стануць пытанні прадпасылак і магчымасцяў хрысціянска-юдэйскага дыялога ў поліканфесійным і полікультурным грамадстве, рэлігійных каштоўнасцяў Святога Пісання і выклікаў сучаснасці і інш. На заканчэнне канферэнцыі плануецца правядзенне круглага стала на тэму «Як могуць нашы традыцыі ўзаемаабагачаць адна адну?».

 
© 2003-2024 Catholic.by