Мінск стане экуменічнай сталіцай Еўропы ў 2014 г. | Друк |
Экуменізм
08.06.2012 09:41

Падчас III Каталіцка-праваслаўнага форуму, які праходзіць 5–8 чэрвеня 2012 г. у сталіцы Партугаліі Лісабоне, было прынята рашэнне аб правядзенні наступнага форуму ў Мінску. Аб гэтым паведаміў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які прымае ўдзел у працы сёлетняй экуменічнай сустрэчы, прысвечанай тэме «Эканамічны крызіс і беднасць: выклікі для Еўропы».

Падобныя форумы праводзяцца раз на два гады па чарзе ў краінах з каталіцкай і праваслаўнай большасцю па запрашэнні адпаведнага біскупа. На гэты раз такое запрашэнне прыйшло ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

«Выбар Мінска месцам правядзення гэтага прэстыжнага форуму, які хацелі б правесці многія гарады, з’яўляеца прызнаннем на Еўрапейскім узроўні добрых праваслаўна-каталіцкіх адносінаў у Беларусі і знакам павагі да нашай краіны», — пракаментаваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Тэма і дата правядзення форуму будуць устаноўлены пазней. 

 
© 2003-2024 Catholic.by