Архімандрыт Сяргей Гаек: «На шляху экуменічнай дзейнасці варта браць прыклад у апосталаў славян Кірыла і Мятода» | Друк |
Грэка-Каталіцкая Царква
23.01.2015 12:17

«Кірыл і Мятод былі настаўнікамі дыялогу паміж Усходам і Захадам. Прыклад гэтых святых дапаможа і хрысціянам Беларусі адкрыць неабходнасць супрацоўніцтва ў духу братэрства», — адзначыў у размове з карэспандэнтам Catholi.by Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Адзінства хрысціян немагчыма без духу братэрства

Паводле слоў архімандрыта, «адзінства хрысціян патрэбна ў абвяшчэнні Евангелля», а «для гэтага патрэбна сумеснае сведчанне любові, што немагчыма без духу братэрства».

«Шлях да поўнай еднасці хрысціян яшчэ не блізкі, але на гэтым шляху мы ўсе павінны адкрываць сапраўднае братэрства, што мае карані ў сакрамэнце хросту», — сказаў Апостальскі візітатар.

Прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы штогод прымаюць удзел у Тыдні малітваў аб еднасці хрысціян, які праходзіць ва ўсім свеце.

Як адзначыў архімандрыт, «для Цэркваў у славянскіх краінах — ад Чэхіі і Славакіі да Балгарыі, Македоніі і Харватыі, да Украіны, Беларусі і Расіі — у гэтым годзе вельмі добрая нагода звярнуць увагу на постаці апосталаў славян святых Кірыла і Мятода».

«Постаці святых Кірыла і Мятода — апосталаў славян — ушаноўваюцца рыма-католікамі, грэка-католікамі і праваслаўнымі. З пашанай да іх місіі адносяцца і хрысціяне евангельскіх канфесій. Спадзяюся, што прыклад гэтых святых дапаможа і хрысціянам Беларусі адкрываць неабходнасць супрацоўнічаць у духу братэрства», — дадаў архімандрыт Сяргей Гаек.

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праводзіцца ўжо больш за 100 гадоў. З часу Другога Ватыканскага Сабору гэты Тыдзень сумесна адзначаецца большасцю хрысціянскіх канфесій. Праграма малітваў рыхтуецца Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству разам з адмысловым камітэтам Сусветнай Рады Цэркваў, куды ўваходзяць пратэстанцкія, англіканскія і праваслаўныя Цэрквы.

(IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by