Вялікая ўрачыстасць у маленькай капліцы | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.10.2009 20:59

4 кастрычніка 2009 г. у вёсцы Стаўбуцева, якая належыць да парафіі Жодзішкі (Гродзенская дыяцэзія), адбыўся адпуст святога Францішка з Асізі. На ўрачыстасць сабраліся шматлікія вернікі з Мінска, Смаргоні, Жодзішак і навакольных вёсак. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў значэнне асобы святога Францішка ў справе духоўнага аднаўлення Касцёла і актуальнасць яго харызмаў сёння. Мітрапаліт назваў святога зоркай, якая з’явілася на небасхіле Касцёла 800 гадоў таму. Яна ярка свеціць сёння і будзе свяціць да канца часоў.

«Мы павіны ў сваім жыцці скіраваць позірк на гэтую зорку і з яе браць прыклад, каб адказваць на балючыя выклікі і праблемы нашага часу, каб не быць штучнымі, нядзельнымі хрысціянамі, але сапраўднымі, жывымі сведкамі Хрыста, якія не баяцца плыць супраць цячэння сучаснай секулярнай моды, якая ўсё мерыць матэрыяльным дастаткам і атрыманнем задавальнення, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Не магчыма гарманічна развівацца без духоўных каштоўнасцяў». Мітрапаліт пажадаў вернікам з дапамогай святога Францішка заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і будаваць жыццё на евангельскіх каштоўнасцях.

Арцыпастыр падзякаваў спадару Францу Жылку, прадпрымальніку з Мінска, на сродкі якога была ўзведзена капліца, і павіншаваў яго з днём святога патрона.

 
© 2003-2024 Catholic.by