Нядзеля і біблейскі тыдзень у парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.11.2010 13:30
Такім незвычайным чынам распачаўся Адвэнт у нашай парафіі. Жадаем, каб слова Бога было свядома прысутным у штодзённым жыцці. У свеце чуем шмат слоў, але часта не звяртаем увагі на тое, наколькі важным з’яўляецца Божае слова. Праз слова Бог стварыў свет, адкупіў яго і толькі праз уцелаўлёнае Слова — Хрыста — дае нам надзею збаўлення. Бо Езус — наша Дарога, Праўда і Жыццё.

На старонках Бібліі мы бачым, як Бог схіляецца над намі, клапоціцца пра нас і вядзе. Падчас біблейскага тыдня жадаем стаць бліжэй да Бога праз слова, скіраванае Ім да нас. Менавіта з гэтай мэтай пры нашай парафіі былі створаны некалькі біблейскіх колаў у сем’ях парафіі.

На вячэрнім набажэнстве ў нядзелю сабраліся каля 250 чалавек, якія прынеслі з сабой Святое Пісанне. Вернікі атрымалі благаслаўленне і заданне, каб штодня ў сям’і чытаць Біблію.

Парафіяне таксама мелі магчымасць набыць Святое Пісанне на беларускай, рускай і польскай мовах — 19 розных выданняў. Зрабіць гэта можна будзе і на працягу ўсяго тыдня.

Рэдэмптарысты з Вялікай Бераставіцы
 
© 2003-2024 Catholic.by