Рэкалекцыі ў Вялікай Бераставіцы: аб'яднаць моладзь на малітве | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.02.2011 13:10

З 11 па 13 лютага 2011 г. у парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы (Гродзенская дыяцэзія) адбываліся рэкалекцыі, якія праводзіла «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі». Першапачатковай мэтай мерапрыемства было аб’яднаць маладых парафіян на малітве. На запрашэнне адгукнулася, аднак, моладзь таксама з суседніх парафій і з усяго дэканату.

У рэкалекцыях удзельнічалі і людзі старэйшага узросту, аднак маладыя духам, бо для веры няма ўзроставых межаў. Усяго ў сустрэчах, якія праходзілі пад дэвізам «Дазволь Богу любіць цябе», прымалі ўдзел каля 100 чалавек.  

У першы дзень рэкалекцый удзельнікі стараліся разабрацца ў сваім уяўленні Бога, ім былі прыведзены прыклады памылковых вобразаў. Сярод іх — вобраз «Дзеда Мароза» (вобраз Бога, які дорыць падарункі, калі мы паводзім сябе добра; на самой жа справе Бог дорыць нам падарункі нашмат часцей і нават тады, калі мы дзейнічаем не зусім добра), вобраз «Карабаса-Барабаса» (вобраз Бога ў якім мы з’яўляемся марыянеткамі і кожнае наша дзеянне запланавана Ім; на самой справе Бог даў нам вольную волю), а таксама вобраз «суддзі», «банкамата», «міліцыянера».

Прысутныя разважалі і над пачаткам чалавечага існавання, над мэтай, з якой стварыў нас Бог. Вынікам разважання было ўсведамленне таго, што Бог стварыў зямлю і чалавека, каб падзяліцца сваёй любоўю з імі.

З наступнай канферэнцыі ўдзельнікі даведаліся аб гістарычных фактах існавання Езуса. Таксама прыводзіліся фрагменты Святога Пісання, дзе Хрыстус паказаны як чалавек, які меў такія ж прагненні і праблемы, як усе людзі, і фрагменты, якія прадстаўляюць Езуса як Бога.

Затым удзельнікі разважалі над пытаннем веры, усвядоміўшы, што для збаўлення не дастаткова веры ў Бога, але патрэбна і вера Богу. Вера без дзеянняў — мёртвая вера, а навяртацца да Бога неабходна штодзень.

Галоўным момантам кожнага дня рэкалекцый была святая Імша. Прысутныя мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і да адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Неад’емнай часткай рэкалекцый такога тыпу з’яўляецца і праца ў групах, дзе ўдзельнікі могуць падзяліцца сваімі думкамі на пэўную тэму.

У апошні дзень рэкалекцый удзельнікі засяродзіліся на асобе Святога Духа. Праз чытанне Святога Пісання яны ўзмацнілі сваю веру, пасля чаго ў малітве прасілі Святога Духа прыйсці да іх. Напрыканцы рэкалекцый, пасля ўрачыстай нядзельнай Эўхарыстыі, удзельнікі дзяліліся адно з адным набытым духоўным вопытам.



 
© 2003-2021 Catholic.by