Пеляса адзначыла ўспамін св. Ліна | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.09.2011 16:05

Успамін святога Ліна адзначылі ў Пелясе (Гродзенская дыяцэзія). Пасля ўрачыстай літургіі працягам свята стаў канцэрт, падрыхтаваны вучнямі і настаўнікамі мясцовай літоўскай школы, а таксама святочны абед.

На ўрачыстасць прыбылі святары з розных дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі. Святую імшу ўзначаліў кс. Юрый Свіслоцкі, пробашч касцёла ў Бердаўцы.

У гаміліі святар звярнуў увагу на тое, што веруючаму чалавеку ніхто не можа перашкодзіць прыйсці да Бога.

Дарэчы, дабрацца ўсім жадаючым да святыні дапамаглі кіраўнікі школ і калгасаў, якія выдзелілі транспартныя сродкі на давоз. 

Цэлебравалася ў гэты дзень і літургія на літоўскай мове. Пасля вернікаў чакаў канцэрт, які падрыхтавала літоўская школа ў Пелясе, а таксама святочны абед.

Святы Лін — гэта другі Папа Рымскі пасля апостала Пятра. Кіраваў Касцёлам прыкладна з 64 (67) па 76 (78) гг. Прыняў мучаніцкую смерць. Успамін адзначаецца 23 верасня.

 
© 2003-2024 Catholic.by