Інсцэніраваны Крыжовы шлях адбыўся ў Сапоцкіне | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.04.2012 16:36

Крыжовым шляхам прайшлі 30 сакавіка 2012 г. жыхары Сапоцкіна, разважаючы над сэнсам цярпення дзеля збаўлення. Крыжовы шлях — набажэнства, якое згадвае шлях Езуса ад прэторыі Пілата да Галготы і якое паўстала з жадання вернікаў ісці слядамі Хрыста.

Упершыню ў гісторыі сапоцкінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча Крыжовы шлях быў інсцэніраваным. Моладзь з дапамогай пробашча кс. Антонія Абухоўскага таленавіта прадставіла евангельскія постаці.

Набажэнства Крыжовага шляху заахвочвае чалавека прыняць рашэнне штодзень крочыць за Хрыстом, ахвяруючы сябе ў духу любові, несучы крыж сваіх спраў і абавязкаў. Маладыя акцёры сапоцкінскай парафіі праз інсцэніроўку заклікалі вернікаў услед за Панам несці свой крыж да самай Галготы.

Крыжовы шлях запрашае таксама да таго, каб супрацоўнічаць з Божай ласкай. Гэта ўключае і гатоўнасць уключыцца ў падзеі смерці і ўваскрасення Хрыста і стаць новым чалавекам праз навяртанне і пакаянне. Падчас дадзенага набажэнства вернікам варта ацаніць ступень сваёй прыналежнасці Хрысту, шчыра адказаць на пытанне, ці гатовы я наследаваць Яго.

У набажэнстве Крыжовага шляху прынялі ўдзел навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія разам з моладдзю прыбылі на рэкалекцыі, прысвечаныя пакліканню, што праходзілі ў Сапоцкіне.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by