Імша Хрызма ў Гродне: каб святарства было прыгожым, радасным, творчым і святым | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.04.2012 11:39

На Імшы Хрызме ў гродзенскай катэдры 5 красавіка 2012 г. сабралася духавенства Гродзенскай дыяцэзіі. Літургію ў гэты выключны для кожнага святара дзень узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі іерарх адзначыў, што ў гэты дзень адбываецца духоўнае яднанне з наступнікам Пятра, Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, які прамовіў да святароў: «Праз літургічны знак ускладання рук падчас святарскага пасвячэння Хрыстус узяў вас пад сваю асаблівую апеку. Вы ўкрыты ў Яго далонях і ў Яго сэрцы. Акуніцеся ж у Яго любоў і аддайце Яму сябе».

Біскуп дадаў, што «святая літургія вядзе нас не толькі да крыніцы, якой з’яўляецца Эўхарыстыя, бо „мы з яе і для яе“, але таксама да Хрыста — адзінага і спрадвечнага Святара, ахвяры за нашы грахі».

Падчас Імшы духавенства аднавіла абяцанні, складзеныя ў дзень святарскага пасвячэння. Біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што дар, які кожны святар атрымаў праз ускладанне рук біскупа, — гэта асобае намашчэнне Святым Духам: «Як алей пранікае ў чалавечае цела, даючы яму моц, радасць, здароўе, — так Дух Святы прасяквае ўсю нашу асобу, і, як сказаў Пан Езус, „у вас прабывае і ў вас будзе“».

Па словах біскупа, жыццё паводле Евангелля нялёгкае, але тым не менш магчымае. «Евангелле — гэта не абяцанне лёгкіх поспехаў, лёгкага жыцця, але Езус ставіць патрабаванні, бо любіць нас і жадае, каб мы тут і ў вечнасці былі шчаслівымі. Бо толькі шчаслівыя могуць даць адчуць смак шчасця іншым. Нам трэба памятаць, што ў Евангеллі схаваны фундаментальны парадокс: каб знайсці жыццё, трэба яго страціць; каб нарадзіцца, трэба памерці; каб збавіцца, трэба ўзяць крыж», — падкрэсліў іерарх.

Сённяшні свет і сучасны чалавек, працягваў біскуп, чакае сведчання веры ад святароў, якія павінны сваім жыццём даваць добры канкрэтны прыклад хрысціянскага жыцця: «Сучасны свет патрабуе сёння сведчання тых, чые думкі і сэрцы асвечаны Божым словам, якія здольныя адкрыць сэрцы і думкі многім людзям», — дадаў біскуп Кашкевіч.

«Мы патрэбны Хрысту як людзі, цалкам адданыя выкананню Яго місіі. Дазволім жа Хрысту весці нас, каб наша святарства было прыгожым, радасным, творчым і святым, бо яно рэалізуецца ў еднасці з нашым Панам. Толькі тады мы будзем сапраўднымі сведкамі Хрыста», — заклікаў іерарх святароў.

Падчас Імшы Хрызмы маліліся за святароў, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілей свайго пасвячэння. За 50-годдзе служэння дзякуюць сёлета Богу наступныя святары:

а. Леон Вітэк OMI
а. Здзіслаў Вэдэр SDB
а. Казімір Валчук SDB
а. Уладзіслаў Гжэгорэк MSF.

25-годдзе святарства адзначаюць:

а. Раман Цесляк CSsR
кс. Генрых Яблонскі
кс. Рычард Якубец
кс. Тадэвуш Крыштопік
а. Станіслаў Садоўскі OFMConv    
кс. Аляксандр Шэмет
а. Марыян Хаменя CSMA
а. Казімір Енджэйчак OMI.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by