У Лідзе адбыліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.04.2012 17:14

28–30 красавіка 2012 г. у Лідзе адбыліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі, арганізаваныя Гродзенскай дыяцэзіяй. Сёлета маладых удзельнікаў свята прымала парафія Святой Сям’і і яе пробашч кс. Юзаф Ганчыц.

к
 Адкрыць у новым акне Download (3Мб)

Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Гродзенскай дыяцэзіі бяруць свой пачатак у 1993 годзе, калі біскуп Аляксандр Кашкевіч, па прыкладу Святога Айца Яна Паўла ІІ, вырашыў прысвяціць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў. Першы з’езд адбыўся ў маі 1993 г., і з той пары штогод каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі збіраецца на супольную малітву. Месцам правядзення з’ездаў з’яўляюцца цэнтры дэканатаў, якія звычайна супадаюць з раённымі цэнтрамі вобласці.

Дыяцэзіяльныя дні моладзі вандруюць з горада ў горад: Гродна, Ваўкавыск, Смаргонь, Сапоцкін, Ліда, Іўе, Воранава і іншыя населеныя пункты былі месцамі правядзення сустрэч. Для маладых людзей гэта таксама добрая магчымасць пазнаць сваю Радзіму і пазнаёміцца з гістарычнымі помнікамі Гродзеншчыны.

Сёлетняя сустрэча моладзі была выключнай, бо па запрашэнні біскупа Кашкевіча ў Ліду прыбылі больш за 1500 чалавек. Прысутнічала таксама моладзь з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Самай вялікай (140 чалавек) была група з гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці разам з кс. Максімам Бачарнікавым SCJ, а таксама група з парафіі Гродна-Дзевятоўка.

Дэвізам і тэмай сустрэчы сталі словы з Паслання да Філіпянаў «Радуйцеся заўсёды ў Пану». Акрамя гэтага, арганізатары свята імкнуліся нагадаць моладзі пра 5 умоваў добрай споведзі.

Сустрэча распачалася ў лідскім касцёле, дзе адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Таксама моладзь удзельнічала ў малітве Ружанца, такім чынам ушаноўваючы ў гэты суботні дзень Панну Марыю і рыхтуючыся да мая, калі вернікі асабліва аддаюць пашану Маці Божай. Затым распачалася святая Імша, якую ўзначаліў кс. Юзаф Ганчыц.
    
Урачыстае адкрыццё сустрэчы здзейсніў кс. Антоні Грэмза, адказны за арганізацыю Дзён моладзі. Узгадваючы дэвіз сёлетняй сустрэчы, святар падкрэсліў, што чалавек можа стаць уладальнікам сапраўднай хрысціянскай радасці толькі тады, калі будзе мець чыстае сэрца, ачысціць сваю душу ад усіх грахоў. Сум і адзінота, па словах кс. Грэмзы, авалодваюць чалавекам, калі ён не слухае сваё сэрца і ўпускае ў сваё жыццё непакой, які і нараджае грэх.

Пасля Імшы адбылася канферэнцыя для моладзі на тэму «Крыніцы хрысціянскай радасці», якую прамовіў а. Валерый Мазюк CSRS. «Ці можна быць сумным, ведаючы, што ёсць Хтосьці, хто ведае пра мяне ўсё, дасканала разумее мяне, стаіць на маім баку і любіць мяне ўсяго?» — адзначыў святар. Важнай крыніцай радасці а. Мазюк назваў сакрамэнт пакаяння, у якім «міласэрнасць Езуса з’яўляецца акіянам без дна», а таксама Эўхарыстыю.

Першы дзень сустрэчы моладзі завяршыўся канцэртам гурту «Ave» Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, які спяваў гімн хвалы Богу.

Раніцай другога дня сустрэчы моладзь падзялілася на 5 груп, кожная з якіх павінна была паразважаць пра адну з умоваў споведзі. Святары і сёстры законныя дапамагалі маладым вернікам нанава адкрыць і зразумець сэнс рахунку сумлення, жалю за грахі, моцнага пастанаўлення выправіцца, нагадвалі пра важнасць шчырай споведзі, калі Езус дарыць нам ласку сваёй міласэрнасці. Пасля працы ў групах удзельнікі свята сустрэліся разам, каб падзяліцца плёнамі сваіх разважанняў.

Галоўным пунктам другога дня сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. На пачатку літургіі моладзь прывітаў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што ўпершыню на Дыяцэзіяльных днях моладзі прысутнічае прадстаўнік Святога Айца, і дадаў, што дзякуе Богу за кожнага маладога чалавека, які прыбыў на сустрэчу, бо біскуп па ўзоры Добрага Пастыра павінен клапаціцца пра кожную авечку, асабліва тую, якая згубілася ў сённяшнім свеце.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Гуджэроцці. Іерарх запэўніў моладзь у духоўнай еднасці Папы з маладымі ўдзельнікамі сустрэчы. Нядзеля Добрага Пастыра, якая прыпала на гэты дзень, стала добрай нагодай, каб паказаць, што Езус сапраўды з’яўляецца Добрым Пастырам, а мы — Яго авечкі. «Калі кожны з нас адчувае сябе маленькім, тады Езус кажа: „Ты Мая авечка, і Я вазьму цябе на рукі“», — дадаў нунцый. — Хто з вас, калі кажа свайму сябру ці блізкаму чалавеку: „Я жадаю табе дабра“, быў бы здольным аддаць за яго сваё жыццё? А Езус, наш Добры Пастыр, кажа: „Я жадаю вам дабра нават тады, калі хочаце Мяне ўкрыжаваць“». Іерарх спытаў прысутную моладзь: «Ці гатовыя вы, сабраныя тут, аддаць жыццё для Езуса?» Таксама нунцый згадаў гісторыю пераследу Касцёла, калі людзі за сваю веру траплялі ў ссылку і ў лагеры.

Арцыбіскуп Гуджэроцці падкрэсліў, што трэба «працаваць над чысцінёй свайго сэрца, каб яно магло абняць усіх, нават нашых ворагаў», бо «калі ў нашым сэрцы будзе шмат бруду, мы не зможам атрымаць Божы дар». Нунцый заахвоціў моладзь аддаваць жыццё Богу, каб стаць здольнымі «адчуць пацалунак Бога і пацалаваць людзей, якія побач з вамі», каб «несці пацалунак Бога ўсяму свету».

Напрыканцы Імшы да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Астроўскі, які падзякаваў Касцёлу ў Гродзенскай дыяцэзіі за тое, што такія сустрэчы ўжо не ўпершыню адбываюцца на лідскай зямлі. Па словах старшыні райвыканкама, гэтыя дні моладзі спрыяюць стварэнню добрай будучыні Касцёла і нашай бацькаўшчыны.

Пасля абеду адбылася прэзентацыя парафій на тэму: «Пан Езус нас вельмі любіць». Кожная парафія вызначылася арыгінальнасцю. Моладзь выявіла свае таленты ў спевах, танцах, тэатральных пастаноўках, мультымедыйных прэзентацыях. На заканчэнне моладзь і дзеці парафіі Гродна-Дзевятоўка прадставілі містэрыю «Крыж жыцця».

Другі дзень свята завяршыўся канцэртам гурту «Miłość» лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.

Кс. Юрый Марціновіч


 Адкрыць у новым акне Download (3Мб)

Гл. таксама Завяршыліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Лідзе

 
© 2003-2022 Catholic.by