Завяршыліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Лідзе | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.04.2012 16:36

Трэці і апошні дзень Дыяцэзіяльных дзён моладзі ў Лідзе распачаўся ранішняй малітвай у касцёле Святой Сям’і. Пасля настаў час для гульняў і забаваў. Затым адбылася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі біскуп засяродзіўся на тэме хрысціянскай радасці. «Я дзякую Пану Богу за гэтую сустрэчу, якая дапамагае вам наблізіцца да Хрыста — крыніцы сапраўднай радасці, — адзначыў іерарх. — Да перажывання гэтай радасці Бог штодзённа нас заклікае праз свае словы, абяцанні, сакрамэнты і супольнасць». Па словах біскупа, той, хто ўмее заўсёды радавацца ў Пану, пераможа варожыя атакі зла, граху і спакусы. Сэрца такога чалавека Бог напоўніць супакоем і дасць яму сваю дапамогу.

«Хрысціянін не можа быць сумным, бо сустрэў Хрыста, які аддаў за яго сваё жыццё, — працягваў біскуп Кашкевіч. —Хрыстус уваскрослы прыносіць сапраўдную радасць і супакой пасля свайго ўваскрасення ўсім вучням, а таксама і нам». «Сёння Хрысту патрэбны радасныя вучні, якія маглі б быць сведкамі таго, што вера ў Божую любоў нараджае сапраўдную радасць. Мы не зможам нікога пераканаць верыць у Хрыста, калі самі не выкажам радасці нашай веры», — дадаў іерарх і заахвоціў моладзь «дапамагаць равеснікам адрозніваць сапраўдную радасць ад падманлівай, змагацца з грахом і спакусамі гэтага свету, часцей прыступаць да сакрамэнту святой споведзі».

Пасля літургіі моладзь, поўная энтузіязму, радасці і аптымізму, рушыла ў свае дамы, каб быць сярод сваіх штодзённых абавязкаў сведкамі веры і хрысціянскай радасці. Можна з упэўненасцю сказаць, што Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Лідзе сталі добрай дапамогай у духоўным развіцці маладых вернікаў нашай краіны.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2022 Catholic.by