Дыяканскае і святарскае пасвячэнне ў францішканскай супольнасці Беларусі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.06.2012 13:29

У суботу 9 чэрвеня ў парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне адбылося святарскае і дыяканскае пасвячэнне. Дыяканам стаў Андрэй Ахрэм (Вілейка), а святаром — Караль Бараноўскі (Мінск). Абодва належаць да ордэна айцоў канвентуальных францішканаў.

На ўрачыстасці сабралася шмат гасцей, якія раздзялілі разам з кандыдатамі радасць гэтай падзеі. Святарскае і дыяканскае пасвячэнне маладыя францішкане атрымалі з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Як паведамляе сайт Гродзенскай дыяцэзіі, у гаміліі іерарх нагадаў пра значэнне служэння дыяканаў і святароў у Касцёле, прыгадаў, якія функцыі яны могуць выконваць. Цяпер яны павінны быць узмоцненымі ў веры і беззаганнымі ў сваім служэнні Богу і людзям.

Дыякан Андрэй Ахрэм паходзіць з Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі. Нарадзіўся 9 сакавіка 1981 года ў Вілейцы. З 2005 па 2012 год праходзіў фармацыю і навуку ў ордэне айцоў францішканаў у Лодзі (Польшча). Вечныя абяцанні склаў у 2011 годзе.

Ксёндз Караль Бараноўскі паходзіць з Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі. Нарадзіўся 8 верасня 1984 года ў Мінску. З 2003 па 2012 год праходзіў фармацыю і навучанне ў ордэне айцоў францішканаў у Лодзі. Вечныя абяцанні склаў у 2010 годзе. Пасвячэнні дыяканату прыняў 9 красавіка 2011 года.

 
© 2003-2024 Catholic.by