Канфірмацыя ў Геранёнах: прагнуць стаяць перад Богам з чыстай душой | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.06.2012 11:47

Летні час — асаблівы для маладых людзей, час, калі яны шукаюць заступніцтва Святога Духа. І нават не для таго, каб добра сдаць экзамены... У гэту прыгожую цёплую пару ва ўсім свеце ў святынях гучна і ўрачыста гучаць словы, прамоўленыя некалі бл. Янам Паўлам ІІ: «Няхай сыйдзе Дух Твой і зямлю адновіць». Праз паслугу біскупаў шмат маладых сэрцаў атрымліваюць сакрамэнт духоўнай сталасці.

У сакрамэнце канфірмацыі Дух Святы сыходзіць на кандыдатаў, каб тыя мужна вызнавалі сваю веру, баранілі яе і паводле яе жылі. Праз гэты сакрамэнт вернікі ўзбагачаюцца дарамі Духа Святога, якія так моцна патрэбны ў штодзённым жыцці і ў сведчанні аб Хрысце.

Каб у сучасным свеце быць сведкамі веры, сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі і вернікі парафіі Святога Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат). 17 чэрвеня 2012 г. падчас літургіі 30 кандыдатам удзяліў сакрамэнт канфірмацыі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

На працягу года вернікі рыхтаваліся да прыняцця сакрамэнту праз удзел у катэхезах пробашча парафіі кс. Сяргея Ангура TChr, у святых Імшах, розных парафіяльных акцыях, дыяцэзіяльных сустрэчах.

Біскуп Казімір Велікаселец нагадаў вернікам пра важнасць малітвы, якая павінна быць неад’емным элементам жыцця кожнага хрысціяніна. Іерарх заахвоціў кандыдатаў, а таксама ўсіх прысутных мець глыбокае прагненне «стаяць перад Богам з чыстай душой». Біскуп заахвоціў мясцовых вернікаў заўсёды прымаць чынны ўдзел у літургіі Эўхарыстыі, памятаючы пра сакрамэнт пакаяння і святую Камунію.

Маладыя людзі праз прыняцце сакрамэнту канфірмацыі, нібы пячаццю, замацавалі сваю веру і выказалі сваю прыналежнасць як да паўсюднага Касцёла, так і да парафіі ў Геранёнах. Прымаючы сакрамэнт, яны паабяцалі Богу: жыць паводле веры, захоўваць запаведзі Дэкалогу, паглыбляць рэлігійныя веды.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2022 Catholic.by