Свецкія францішкане Беларусі сустрэліся ў Лідзе | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.06.2012 15:35

23 чэрвеня парафія Святой Сям’і ў Лідзе стала цэнтрам францішканскага ордэна свецкіх. На фармацыйную сустрэчу прыбылі звыш 80 прадстаўнікоў францішканскіх супольнасцяў з розных гарадоў і вёсак Беларусі.

Прыбылі, каб праз адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, святую споведзь і малітоўную сустрэчу вывучаць жыццё свайго заснавальніка св. Францішка і ў чарговы раз адкрыць, якім скарбам з’яўляецца вера.

Пачатак францішканскага закона свецкіх сягае ў 1221 г., калі св. Францішак, выходзячы насустрач патрэбам Касцёла і свецкіх людзей, якія жывуць у сем’ях, прапанаваў ім новую форму жыцця ідэаламі Евангелля, называючы іх братамі і сёстрамі ў пакуце.

Згодна з касцёльным правам францішканскі ордэн свецкіх з’яўляецца паўсюдным міжнародным таварыствам, які называюць таксама трэцім законам.

Свецкія францішкане ставяць перад сабой мэту крочыць да хрысціянскай дасканаласці на ўзор св. Францішка. Акрамя захавання духа малітвы і сакрамэнтальнага жыцця яны ўдзельнічаюць у рэкалекцыях, днях духоўных сустрэч, пілігрымках і іншых формах духоўнага дасканалення. Яны адкрыты на ўсіх. Кожны католік, жанчына ці мужчына, незалежна ад грамадзянскага стану, можа быць прыняты ў іх супольнасць і знайсці там сваё ўласнае месца.

Асаблівае значэнне надаецца апостальству: прыкладу, слову, учынкам міласэрнасці і будаўніцтву свету на прынцыпах братэрства і Евангелля.  Так, як рабіў гэта св. Францішак, яго свецкія паслядоўнікі жывуць па водле прынятых правіл у лучнасці з Касцёлам і ў паслухмянасці Святому Айцу і ўсёй касцёльнай іерархіі.

Увесь дзень 23 чэрвеня прысутныя ў парафіі Святой Сям’і з Лідзе трывалі на малітве, адаруючы Езуса, перажывалі Крыжовы шлях, слухалі канферэнцыі і разважалі над Божым словам.

Цэнтральнай падзеяй дня стала святая Імша, якую ўзначаліў Ганаровы капелан Святога Айца кс. Юзаф Станеўскі, рэктар духоўнай семінарыі ў Гродне. Гамілію святар прысвяціў постаці св. Францішка, заахвоціўшы прысутных наследаваць яго ў прастаце, лагоднасці, пакоры.

«Хочам таксама і мы быць падобнымі да св. Францішка. Варта быць для Хрыста, варта жыць для іншага чалавека! Будзем у сённяшнім свеце хрысціянамі на ўзор яго сведчання. Будзем апосталамі спакою ў нашай краіне. Узмацняйма іншых у добрым жыцці», — заклікаў кс. Станеўскі.

Падчас Імшы пяць сясцёр склалі пажыццёвыя шлюбы, прыняўшы на сябе абавязак штодня жыць паводле правілаў св. Францішка.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by