Святы Уладзіслаў вучыць наследаваць Хрыста. Парафіяльная ўрачыстасць у Суботніках | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.06.2012 16:10

Парафіяльны ўспамін святога Уладзіслава (каля 1040–1095), караля венгерскага, сабраў ля алтара Пана ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) шматлікіх вернікаў. Адпустовую Імшу па запрашэнні кс. пробашча Францішка Галдыся TChr узначаліў генеральны настаяцель Таварыства Хрыста для палякаў эмігрантаў кс. Томаш Сяліцкі TChr.

У гэтыя дні генаральны настаяцель хрыстусоўцаў разам з генеральным вікарыем кс. Кшыштафам Гжэлякам TChr прабываюць з візітам у Беларусі з нагоды 20-годдзя душпастырскай працы хрыстусоўцаў у нашай краіне. Юбілейныя ўрачыстасці, на якіх збяруцца ўсе святары з гэтага таварыства, адбудуцца 29 чэрвеня ў Мядзведзічах.

Менавіта парафія ў Мядзведзічах стала першым месцам працы святароў Таварыства Хрыста. Сюды ў 1992 г. прыехаў працаваць святой памяці кс. Міхал Каладзей TChr. Цяпер у Беларусі працуюць шэсць хрыстусоўцаў у Пінскай (Ішкалдзь, Мядзведзічы, Ганцавічы) і Гродзенскай дыяцэзіях (Суботнікі, Геранёны) і ў Мінску.

У гаміліі кс. Кшыштаф Гжэляк засяродзіўся на тым, у чым такая далёкая постаць св. Уладзіслава можа быць прыкладам для чалавека XXI стагоддзя.

«Святы Уладзіслаў вучыць нас сёння палюбіць даканца тое, што казаў і чыніў сам Пан Езус, тое, што напісана ў Евангеллі», — адзначыў святар і заклікаў жыць так, каб нашы сучаснікі, гледзячы на нас, маглі зведаць «любоў Бога, якая сыходзіць з вуснаў і чынаў». Кажучы пра цяжкасці, з якімі сустракаецца кожны чалавек, кс. Гжэляк нагадаў таксама пра выпрабаванні ў складаныя часы для хрысціянства, якія загартавалі чалавека і дапамаглі перамагчы спакусы. Святар заклікаў на ўзор св. Уладзіслава «пакласці канец злу, каб знішчыць грэх».

Пасля літургіі вернікі на рукі генеральнага настаяцеля склалі падзяку за ахвярную працы хрыстусоўцаў, якія ў Іўеўскім дэканаце працуюць у Суботніках і Геранёнах. Варта дадаць, што на сённяшні дзень з іўеўскай парафіі паходзяць чатыры святары, а з Геранён адзін дыякан, якія рэалізуюць сваё пакліканне ў Таварыстве Хрыста для палякаў эмігрантаў.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by