Удзельнікі ХІ Пешай пілігрымкі Гродна — Рось дзякавалі Богу за падарожжа і духоўныя плёны | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.08.2012 13:30

Сёлетняя ХІ Пешая пілігрымка з Гродна ў росіцкі санктуарый Езуса Журботнага сабрала каля 300 удзельнікаў. Вернікі вярталіся дадому поўныя духоўнай энергіі, каб з новымі сіламі выконваць штодзённыя справы і рэалізоўваць сваё пакліканне. Па традыцыі пасля вяртання з пілігрымкі адбылася святая Імша падзякі за гэтае падарожжа.

6 жніўня, у свята Перамянення Пана, удзельнікі пілігрымкі сабраліся ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, адкуль і распачыналася падарожжа, каб дзякаваць Богу за дар пілігрымавання і за яго плёны. Падчас літургіі маліліся за ўсіх, каго сустрэлі на сваім шляху, хто прымаў на начлег і частаваў абедам.

Ксёндз Аляксандр Мацкевіч, натарыус Гродзенскай курыі, адзначыў у гаміліі, што падчас пілігрымкі людзі «паглыбілі сваю веру, магчыма, навучыліся інакш глядзець на сябе, на свае сем’і, сяброў». Святар заклікаў вернікаў дзякаваць Богу за дар гэтай перамены.

«Езус Журботны вучыць, што ў цярпенні можна сустрэць Бога. Лепш зразумець гэта нам дапамагла пілігрымка, якая з’яўляецца своеасаблівай сустрэчай з цярпеннем, каб праз гэтае цярпенне распазнаць волю Бога і спаткаць Езуса Хрыста», — адзначыў кс. Мацкевіч і дадаў, што «нашым перамяненнем з’яўляецца жыццё вечнае, і толькі тады, калі мы будзем мужныя, дасягнём гэтай мэты».

Пасля Імшы адбылася другая частка сустрэчы. На сцэне каля касцёла прагучалі шчырыя словы падзякі для пілігрымкавых службаў, якія паклапаціліся аб тым, каб падарожжа прайшло добра і бяспечна, для духавенства за душпастырскую апеку ўдзельнікаў пілігрымкі. На жаль, надвор’е перашкодзіла забаўляльнай частцы сустрэчы. Мерапрыемства завяршылася супольнай малітвай і феерверкам.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2022 Catholic.by