Студэнты са Шчучына наведалі санктуарый Маці Божай у Лагішыне | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.09.2012 11:17

29 жніўня 2012 г. піярская студэнцкая моладзь са Шчучына адправілася ў невялікае, але насычанае падарожжа. Па дарозе ў санктуарый Маці Божай у Лагішыне, які быў галоўным пунктам паездкі, студэнты наведалі розныя славутыя мясціны Беларусі: касцёлы, палацавы комплекс у Ружанах, палац Пуслоўскіх і дом у Косаве, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.

Жыхары вёскі Лагішын сустрэлі моладзь вельмі цёпла. У касцёле перад абразом Маці Божай Каралевы Палесся падчас святой Імшы кожны са студэнтаў меў магчымасць прасіць для сябе новых сіл і благаслаўлення на вучобу.

Таксама мясцовыя жыхары паказалі падарожнікам адзін з важных аб’ектаў гэтай вёскі — Лагішынскі Дом міласэрнасці, дзе моладзь радасна прывіталі пажылыя людзі і ўсе супрацоўнікі на чале з дырэктарам.

Далей дарога павяла студэнтаў у пінскую катэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і на месца пахавання кардынала Казіміра Свёнтка.

Дзень быў доўгім і насычаным. Увечары, па дарозе дадому, моладзь наведала Свята-Успенскі манастыр у Жыровічах.

Вось такім стала падарожжа студэнтаў — поўным радасці, усмешак, малітвы і добрых уражанняў.

Студэнты са Шчучына: Ганна Якубоўская і Лера Амічба

 
© 2003-2024 Catholic.by