Успамін св. Станіслава Косткі адзначылі ў Гродне | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.09.2012 11:35

«Трыдуум» св. Станіслава Косткі стаў традыцыяй у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, што на Дзевятоўцы ў Гродне. Тэмай сёлетніх сустрэч, што праходзілі 20–22 верасня 2012 г., сталі тры шляхі святога: дадому, у школу і ў касцёл.

Разважанні, падрыхтаваныя Марынай Жыбартовіч, кс. Віктарам Боханам і кс. Станіславам Станеўскім, былі пабудаваны на аснове жыццёвых сітуацый — у сям’і, на вучобе, у супольнасці Касцёла. Дзеці і моладзь разважалі, як яны могуць наследаваць святога ў сваім жыцці, каб па яго прыкладу быць рашучымі сведкамі веры сярод свайго атачэння.

Святы Станіслаў Костка пражыў усяго 18 гадоў. Ён нарадзіўся ў Польшчы ў 1550 годзе. Адзначаўся пабожнасцю, а таксама вялікай рашучасцю ў імкненні рэалізаваць сваё пакліканне. У 14 гадоў ён пакінуў бацькоўскі дом і накіраваўся ў Вену, каб вучыцца там у імператарскай гімназіі, якой займаліся езуіты. Там ён вырашыў сам уступіць у Таварыства Езуса, і, хоць бацькі не далі згоды, мара яго здзейснілася — у кастрычніку 1567 г. у Рыме яго прымаюць у навіцыят. Аднак у 1568 годзе Станіслаў памірае ў арэоле святасці.

Акрамя малітвы — адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, перажыванне сустрэчы з Езусам ў Эўхарыстыі, — моладзь падчас сустрэчы ў Гродне мела час на забавы і танцы, якія таксама былі праслаўленнем Бога.

Марына Жыбартовіч

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by