Дэкрэт біскупа Кашкевіча аб магчымасці атрымання поўнага адпусту ў Год веры ў Гродзенскай дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.10.2012 14:59

Натхнёныя Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, каб у Год веры мы знайшлі радасць, якая выплывае ад пастаяннага навяртання, а таксама для дасягнення збаўчых Божых ласкаў для сябе і блізкіх памерлых, давайце выкарыстоўваць крыніцы ласкі поўнага адпусту, якая з’яўляецца багаццем духоўнай скарбніцы Касцёла.

Тэкст дэкрэта на польскай мове >>>

У гэты час трэба імкнуцца часцей прыступаць да сакрамэнту святой споведзі і для заслугі неба, у адпаведнасці з дэкрэтам Апостальскай Пэнітэнцыярыі ад 14 верасня 2012 года, у Год веры карыстацца магчымасцю атрымліваць ласкі поўнага адпусту (прабачэнне міласэрдным Богам часовых караў за грахі, ужо дараваныя). Гэты адпуст можна ахвяраваць як за сябе, так і за душы памерлых вернікаў.

У Год веры (11 кастрычніка 2012 — 24 лістапада 2013) ёсць магчымасць атрымаць поўныя адпусты пры захаванні адпаведных умоваў (унутраная пастава поўнай адмовы ад усялякага граху, нават штодзённага; сакрамэнтальная споведзь, прыняцце святой Камуніі і малітва ў інтэнцыях Святога Айца) у наступных акалічнасцях і месцах:

1. Слуханне, прынамсі, трох навукаў, якія будуць прамоўлены падчас святых місій, ці трох разважанняў аб дакументах Другога Ватыканскага Сабору або Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

2. Пілігрымка да адной з папскіх базылік у Рыме, хрысціянскіх катакомбаў, катэдральнага касцёла ці вызначаных ардынарыем іншых святых месцаў, злучаная з удзелам у святых набажэнствах або прынамсі спыненнем на некаторы час для пабожнага разважання, закончанага малітвамі «Ойча наш» і «Апостальскі Сімвал веры», а таксама заклікамі ў гонар Маці Божай і святых апосталаў або апекуноў, у залежнасці ад абставінаў часу і месца.

У Гродзенскай дыяцэзіі святымі месцамі ў Год веры, за наведванне якіх можна атрымаць поўны адпуст, я вызначаю:

у Гродне:
катэдральны касцёл і малая базыліка
святога Францішка Ксаверыя

па-за Гроднам:
дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сям’яў у Тракелях
санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі
санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі
санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шчучыне
санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах.

3. Удзел ва ўрачыстай Эўхарыстыі, адпраўленай у Год веры, або ва ўрачыстай цэлебрацыі Літургіі гадзін, дадаючы малітву «Апостальскі Сімвал веры» ва ўсіх парафіяльных касцёлах у наступныя дні:

  • гадавіна асвячэння базылікі св. Яна на Латэране — 9 лістапада 2012 г.
  • урачыстасць Беззаганнага Зачацця НМП — 8 снежня 2012 г.
  • свята навяртання святога Паўла, апостала — 25 студзеня 2013 г.
  • успамін Маці Божай з Люрд (Сусветны дзень хворых) — 11 лютага 2013 г.
  • урачыстасць святога Юзафа — 19 сакавіка 2013 г.
  • урачыстасць Звеставання Пана — 8 красавіка 2013  г.
  • свята Маці Божай Фацімскай — 13 мая 2013 г.
  • урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла — 29 чэрвеня 2013 г.
  • успамін  святой Ганны — 26 ліпеня 2013 г.
  • свята Перамянення Пана — 6 жніўня 2013 г.
  • свята Узвышэння Святога Крыжа — 14 верасня 2013 г.
  • успамін благаслаўлёнага папы Яна Паўла II — 22 кастрычніка 2013 г.
  • урачыстасць Маці Божай Міласэрнасці — 16 лістапада 2013 г.

4. Наведванне ў любы дзень кожным вернікам хрысцільні або — калі яе няма — месца ўласнага хросту, а таксама аднаўленне абяцанняў хросту ў любой дазволенай форме.

5. Прыняцце ад дыяцэзіяльнага біскупа, на праве прывілею, папскага благаслаўлення ў спалучэнні з магчымасцю атрымання поўнага адпусту з нагоды галоўнай цэлебрацыі Года веры ў дзень яго ўрачыстага заканчэння ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г.

Вернікі, якія не змогуць удзельнічаць ва ўрачыстых набажэнствах, што будуць адпраўлены ў вызначаныя дні і ў пэўных месцах (зняволеныя, хворыя і сталыя людзі, а таксама тыя, хто клапоціцца аб іх у шпіталях, хоспісах і іншых дамах апекі), могуць атрымаць поўны адпуст пад звычайнымі ўмовамі, яднаючыся думкамі і духоўна з прысутнымі на тых набажэнствах вернікамі, асабліва пры праглядзе ці праслухоўванні тэле- ці радыётрансляцый, якія ўзначальвае Святы Айцец ці дыяцэзіяльны біскуп, молячыся ва ўласным доме ці там, дзе яны знаходзяцца (калі гэта магчыма, у манастырскай, шпітальнай ці іншай капліцы), «Ойча наш» і «Апостальскі Сімвал веры» ў любой дазволенай форме ці іншыя малітвы для атрымання адпусту Года веры, а таксама ахвяроўваючы Богу свае пакуты і жыццёвыя цяжкасці.

На праве дадзенага прывілею ў Год веры ўдзяляю адначасова ўсім святарам, якія будуць спавядаць у Год веры ў святынях, вызначаных у пункце 2, уладу адпушчэння грахоў ў межах сакрамэнту з цэнзуры latae sententiae, неаб’яўленых і незасакрэчаных Апостальскай Сталіцай (гл. кан. 508 § 1 Кодэкса Кананічнага права).

Усіх на перажыванне Года веры ад усяго сэрца благаслаўляю

Аляксандр Кашкевіч
Гродзенскі біскуп

Кс. Антоні Грэмза
Віцэ-канцлер Курыі

 
© 2003-2024 Catholic.by