Успамін благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай адзначылі яе духоўныя дочкі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
31.10.2012 11:48

26 кастрычніка 2012 г. сёстры змёртвыхпаўстанкі адзначалі дзень сваёй заснавальніцы благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. З гэтай нагоды адбылася іх пілігрымка з Наваполацка да былой Абрэмшчыны на Гродзеншчыне — месца, дзе благаслаўлёная Цэліна пражыла 21 год.

Гісторыя жыцця благаслаўлёнай вельмі цікавая. Яна нарадзілася ў 1833 г. у Антовіле каля Оршы. Па волі бацькоў выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага з Абрэмшчыны, хоць з дзяцінства хацела служыць Богу як сястра законная. Дваіх дзяцей пахавала, дваіх выгадавала. У 41 год аўдавела. Пасля смерці мужа рэалізавала жаданне, якое мела з дзяцінства: калі старэйшая дачка выйшла замуж, разам з малодшай дачкой Ядвігай благаслаўлёная Цэліна стала заснавальніцай новай супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстанак.

26 кастрычніка ў Заневічах (былая Абрэмшчына) у капліцы, дзе пахаваны муж і дзеці благаслаўлёнай Цэліны, адбылася святая Імша з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, пробашча парафіі ў Эйсмантах кс. Мікалая Ціхановіча, які таксама наведвае Заневічы, кс. Паўла Беланоса, кс. Андрэя Казлоўскага і айца рэдэмптарыста Вальдэмара Слоты, які прамовіў гамілію. Святар звярнуў увагу на заслугі благаслаўлёнай Цэліны ў галіне духоўнага выхавання людзей, сярод якіх яна жыла і працавала, даючы сведчанне даверу Богу ў кожнай сітуацыі жыцця.

Пасля Эўхарыстыі і літаніі да благаслаўлёнай Цэліны ўсе сабраныя маліліся разам з сёстрамі за сябе, сваіх блізкіх, а таксама за тое, каб культ благаслаўлёнай пашыраўся не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі, але і ва ўсёй Беларусі.

Працяг святкавання ўспаміну бл. Цэліны Бажэнцкай адбыўся ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку, дзе працуюць духоўныя дочкі благаслаўлёнай. Кожнай святой Імшы папярэднічала літанія да благаслаўлёнай Цэліны. Падчас літургіі парафіяне маліліся аб яе хутчэйшай кананізацыі.

Пробашч кс. Аляксандр Чайкоўскі ўдзяліў благаслаўленне рэліквіямі бл. Цэліны, а пасля Імшы кожны мог аддаць ёй пашану праз ушанаванне гэтых рэліквій.

Дзякуем Пану Богу за дар жыцця і паклікання бл. Цэліны і праз яе заступніцтва молімся, каб у гэтым Годзе веры Бог быў праслаўлены ў жыцці кожнага чалавека, які жыве на роднай зямлі благаслаўлёнай.
 
С. Марыя Магдалена CR

 
© 2003-2024 Catholic.by