Каб усе былі адно: у Гродзенскай дыяцэзіі адбылася малітва моладзі праз скайп (дададзена фота) | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.11.2012 11:27

31 кастрычніка моладзь чатырох гарадоў Гродзенскай дыяцэзіі — Гродна, Ліды, Ашмян і Шчучына — з’ядналася ў малітве Ружанца праз скайп. Ініцыятарам акцыі, якая ў бягучым годзе адбылася ўжо ў другі раз, стала Душпастырства студэнцкай моладзі горада Гродна «Open».

Малітоўная сустрэча суправаджалася словамі бл. Яна Паўла ІІ: «Мусіце ад сябе патрабаваць, хоць бы іншыя ад вас не патрабавалі». Акцыя распачалася святой Імшой у гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Літургію ўзначаліў кс. Антоній Грэмза. У гаміліі, звяртаючыся да моладзі, святар адзначыў, што «сёння адносіны чалавека з Богам вельмі часта патрабуюць аздараўлення». Ксёндз Грэмза дадаў, што чалавек, шукаючы адносінаў з Богам, павінен дасягнуць таго, каб гэта былі адносіны Божага дзіцяці.

Святар патлумачыў таксама мэту дадзенай малітвы праз скайп. «Мы будзем моцнымі толькі тады, калі станем адно. Таму мы хочам з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі злучыцца ў малітве з нашымі равеснікамі, якія жывуць у іншых гарадах, каб адчуць, якая вялікая наша супольнасць», — адзначыў кс. Грэмза і звярнуў увагу, што інтэрнэт і новыя тэхналогіі павінны служыць чалавеку ў духоўным развіцці, а не рабіць яго нявольнікам гэтых тэхналогій.

Пасля Імшы маладыя вернікі маліліся Ружанец, спявалі песні, праслаўляючы Пана за вялікія рэчы, якія Ён учыніў, і маючы магчымасць адчуць пры гэтым, наколькі вялікая супольнасць дзяцей Божых, рассеяных па ўсім свеце. Дзякуючы скайпу моладзь, якая прысутнічала ў той жа час у сваіх парафіяльных святынях у Лідзе, Шчучыне і Ашмянах, магла ўключыцца ў разважанне над хвалебнымі таямніцамі Ружанца разам з моладдзю Гродна.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2021 Catholic.by