На «Канікулах з Богам» у Смаргоні дзеці шукалі шлях да збаўлення | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.11.2012 22:33

Лістапад — месяц, асаблівым чынам прысвечаны ўспаміну аб памерлых. Менавіта з гэтай нагоды «Канікулы з Богам» у Каталіцкім цэнтры моладзі імя святога Яна Боско ў Смаргоні былі прысвечаны тэме «Мой шлях да збаўлення».

Сем дзён дзеці разам з аніматарамі, ксяндзом Іванам SDB і сястрой Веранікай FMA будавалі свой шлях да збаўлення. Кожны дзень быў прысвечаны асобным пытанням, якія лагічна, крок за крокам, выбудоўвалі шлях, у канцы якога чакае Езус. Былі закрануты такія важныя для дзяцей тэмы, як сяброўства, хрысціянскія каштоўнасці, смерць, місія і іншыя.

Штодзень 65 маленькіх жыхароў Смаргоні таропка імкнуліся ў Салезіянскі цэнтр моладзі, дзе іх чакала шмат сюрпрызаў. Дзень пачынаўся святой Імшой, якая была цэнтрам мерапрыемства, потым дзеці танцавалі, гулялі ў розныя гульні, слухалі цікавыя лекцыі сястры, наведвалі гурткі, працавалі ў групах, абедалі.

Усё праходзіла ў духу святога Яна Боско, заснавальніка салезіянскага ордэну, у харызме якога і працуюць у парафіі. Гэты святы заўсёды казаў сваім выхаванцам: «Гуляйце, скачыце, бегайце, шуміце. Мне важна только адно: каб вы не грашылі». Пад такім лозунгам і працавалі з дзецьмі ў лагеры ў Смаргоні.

«Канікулы з Богам» скончыліся, і ў сэрцы кожнага дзіцяці, напэўна, засталіся цёплыя і радасныя ўспаміны аб гэтых днях, бо добрае застаецца з намі назаўсёды.

Аляксандр Манчак, Вераніка Ермак

 
© 2003-2024 Catholic.by