Геранёны: дзень св. Мікалая — дзень адорвання добрым словам, зычлівасцю і любоўю | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.12.2012 13:33

Святы Мікалай, насуперак шматлікім бачанням, не з’яўляецца фікцыяй. Гэта не толькі постаць, якая часта рэкламуецца па тэлебачанні, радыё, у інтэрнэце. Гэта таксама не казачны герой, які за добрыя ўчынкі ўзнагароджвае дзяцей і моладзь слодычамі і асыпае цацкамі, а за дрэнныя паводзіны і нізкія адзнакі ў школе карае розгай.

Гэта не толькі той, каго мы асаблівым чынам чакаем з году ў год напярэдадні святаў, каб прынёс нам нейкія падарункі, а для некаторых людзей ён у стане прынесці нават беспрацэнтныя крэдыты або купіць новы інвентар фактычна за капейкі. Безумоўна, усё гэта ілюзія, якую распаўсюджваюць мас-медыя падчас перажывання прыгожага і радаснага часу, якім з’яўляецца Адвэнт. Такім чынам сутнасць і святы сэнс гэтага часу парушаецца, бо чалавек замест таго, каб адпаведна перажыць гэты перыяд, паддаецца хітрым прапановам, мэта якіх выключна карупцыйная.

Хрысціяне павінны ўспрымаць і прымаць святога Мікалая як рэальную постаць, якая жыла на пачатку IV стагоддзя. Хоць мы не валодаем дастатковай інфармацыяй аб жыцці святога Мікалая, аднак мы ведаем, што ён жыў, упэўнена ступаў па зямлі і быў біскупам занядбанай тады дыяцэзіі ў мясцовасці Міра, у Малой Азіі (сённяшняя Турцыя).

Менавіта пра такога св. Мікалая, рэальную асобу, разважалі 6 снежня 2012 г. у Геранёнах. Парафія перажывала сваю штогадовую адпустовую ўрачыстасць. Парафія была заснавана ў 1411 годзе, а яе апекуном быў выбраны менавіта святы Мікалай. Таму ўжо столькі стагоддзяў гэты святы вучыць мясцовых жыхароў, як быць добрым і міласэрным да іншага чалавека.

Урачыстую літургію з удзелам святароў Іўеўскага дэканату ўзначаліў кс. дэкан Ян Гавэцкі. Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч, які наблізіў вернікам духоўную постаць святога Мікалая.

Святар указаў на гэтага святога як на таго, які для чалавека XXI стагоддзя — чалавека часоў неспакойных, калі дабро часта замяняецца жорсткім злом і нянавісцю, — з’яўляецца «ўзорам дабрыні і клопату пра бліжніх, поўным міласэрнасці і дабрыні».

Ксёндз Марціновіч таксама нагадаў той гістарычны факт, што ўжо ад XII стагоддзя з днём святога Мікалая звязаны звычай дарыць адно аднаму падарункі. Святар заахвоціў вернікаў, сабраных на малітве, каб дзень святога Мікалая ў XXI стагоддзі таксама ўпісаўся ў гісторыю як «дзень адорвання добрым словам, зычлівасцю, любоўю і дабрынёю».

Сёння кожны чалавек таксама можа быць сучасным Мікалаем. Таму кожны з нас мае вялікае заданне на перажываны Год веры: быць людзьмі жывой дабрыні, а такім чынам мы памножым сваю веру, якая з’яўляецца дарам ад Бога.

Па-ранейшаму актуальнымі застаюцца словы святога брата Альберта Хмялёўскага, вялікага апекуна бедных, галодных, пакінутых, які жыў у XIX стагоддзі і пэўным чынам працягнуў місію святога Мікалая: «Трэба быць добрым, як хлеб. Трэба быць, як хлеб, які для ўсіх ляжыць на стале, з якога кожны можа адкраіць сабе кавалак і з’есці, калі галодны».

Кс. Юрый Марціновіч

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by