80-годдзе парафіі ў Лідзе: спецыяльнае благаслаўленне Папы | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.12.2012 10:35

На 80-годдзе заснавання парафіі вернікі касцёла Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе атрымалі спецыяльнае благаслаўленне Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Ва ўрачыстасць Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня, лідскія католікі адзначалі сваю парафіяльную ўрачыстасць.

Таксама на гэты дзень прыпадала 80-я гадавіна заснавання парафіі.

На святкаванне юбілею парафія атрымала благаслаўленне ад Папы, падпісанае Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ. Як гаворыцца ў пасланні, Пантыфік «просіць аб шчодрых Божых ласках для кс. прэлата Вінцэнта Лісоўскага, дэкана Лідскага і пробашча парафіі, і для ўсіх вернікаў парафіі Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе».

Папскае благаслаўленне — вялікі духоўны прывілей, плённасць якога  залежыць найперш ад схільнасці асобы, якая просіць аб Божай ласцы.

Парафія пад тытулам Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі паўстала ў 1932 г. Яе заснавальнікам парафіі і будаўніком касцёла быў кс. Станіслаў Мажэйка.

У сваёй гісторыі парафія перажыла і трагічныя падзеі. Падчас Другой сусветнай вайны, 29 чэрвеня 1942 г., яе душпастыры — пробашч кс. Вінцэнт Лабан і вікарый кс. Люцыян Мрачкоўскі — былі арыштаваны. У Папяльцовую сераду, 10 сакавіка 1943 г., іх разам з іншымі сямю святарамі забілі нацысты пад Лідай.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by