Медыкі Гродна рыхтуюцца да Божага Нараджэння праз малітву | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.12.2012 11:26

Упершыню ў Гродне былі арганізаваны адвэнтавыя рэкалекцыі для медыкаў. У духоўных практыкаваннях, якія працягваліся тры дні, прынялі ўдзел больш за 60 чалавек. Працаўнікі сферы аховы здароўя разважалі над тым, што азначае верыць.

Асноўнай мэтай рэкалекцый, што праходзілі ў пабрыгідскім касцёле 14–16 снежня, было ўмацаванне веры медыцынскіх работнікаў. Яны як хрысціяне пакліканы быць апосталамі веры ў сваіх сем’ях і на працы і дапамагаць іншым людзям жыць з верай.

Адкрыць сутнасць веры прысутным дапамагаў кс. Андрэй Рылка, выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Па словах рэкалекцыяніста, сутнасць веры заключаецца ў асабістых адносінах чалавека з Богам. Святар звярнуў увагу таксама на віды адносінаў з Богам і на спакусы, якія аддаляюць ад сапраўднай веры. Ксёндз Рылка рэкамендаваў прыгледзецца асабліва да пыхі — асноўнага граху, які перашкаджае веры і адносінам з Богам.

Рэкалекцыяніст заклікаў медыкаў змагацца з «вірусам» граху, «духоўным ракам», навучыцца бачыць сваю «хваробу», свае грахі, шукаць аздараўлення ў Бога і навучыцца слухаць Яго, а таксама ўказаў на важную ролю малітвы ў жыцці чалавека. Святар падкрэсліў таксама на дынамічны характар веры, у якой трэба развівацца, узрастаць.

У апошні дзень рэкалекцый святую Імшу для працаўнікоў службы аховы здароўя ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Завяршыліся гэтыя дні аплатковай сустрэчай.

Караліна Бутоліна

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by