Святар, які 20 гадоў працаваў у Беларусі, атрымаў папскі крыж заслугі «Pro Ecclesia et Pontifice» | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.01.2013 13:06

Айцец Караль Барнас CSsR, які зараз служыць у Польшчы, атрымаў папскі крыж заслугі «Pro Ecclesia et Pontifice» — узнагароду ад Святога Айца Бэнэдыкта XVI па запыце біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Такім чынам гродзенскі ардынарый ацаніў 20-гадовую руплівую працу а. Барнаса ў Беларусі, у прыватнасці яго ўклад у жыццё Гродзенскай дыяцэзіі.

На працягу 20 гадоў айцец Барнас з’яўляўся пробашчам парафій у Вялікіх Эйсмантах і Заневічах. Быў таксама дэканам дэканату Вялікая Бераставіца. У парафію ў Вялікіх Эйсмантах, як узгадвае сам святар, ён прыбыў 27 мая 1990 г., праз некалькі дзён атрымаў яшчэ дзве парафіі — у Заневічах і Вялікай Бераставіцы. Католікаў на гэтых тэрыторыях было каля 3 з паловай тысяч.

Парафіі, дзе служыў а. Барнас, вызначыліся вялікай колькасцю пакліканняў да святарства. А найбольшай радасцю для парафіі ў Заневічах і самога пробашча стала святарскае пасвячэнне а. Андрэя Ядкоўскага, рэдэмптарыста.

У 2010 г., ва ўзросце 75 гадоў, пасля 50 гадоў святарства і 20 гадоў служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі, а. Караль Барнас вярнуўся ў Польшчу. Зараз ён працуе ў супольнасці рэдэмптарыстаў у Тухаве.

Як інфармуе сайт Варшаўскай правінцыі рэдэмптарыстаў, крыж заслугі «Pro Ecclesia et Pontifice» быў устаноўлены папам Львом XIII 17 ліпеня 1888 г. у апостальскім лісце «Quod Singulari Dei Concessu». Гэта найвышэйшая адзнака, якую Папа можа надаць кансэкраваным асобам, якія не маюць тытулаў каноніка або прэлата па прычыне манаскага стану. Гэтую адзнаку могуць атрымаць таксама сёстры законныя і свецкія асобы.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by