Крэатыўнасць піярскай моладзі са Шчучына на Каляды | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.01.2013 17:49

Каляды. Аб гэтым свяце яшчэ з дзяцінства ведае кожны. Падрыхтоўка да свята Нараджэння Хрыстовага — час, каб абнавіць веру і сведчыць яе сваім жыццём іншым людзям. У гэтае вялікае свята шчучынская моладзь вырашыла наведаць жыхароў горада і тым самым прынесці ім радасць свята.

Было падрыхтавана цэлае каляднае прадстаўленне. Моладзь была апранута ў розныя вобразы і, вядома, мела пры сабе вялікі мяшок для прысмакаў.

У кожным доме моладзь сустрэла гасціннасць гаспадароў. Былі ўсмешкі на тварах, радасць у вачах, словы падзякі. І гэтая цёплая рэакцыя вельмі падбадзёрвала і абуджала.

З прысмакаў, якія ўдалося сабраць калядоўшчыкам, быў наладжаны пір для моладзі.

Яшчэ адной цікавай падзеяй у шчучынскай парафіі стала калядная пастаноўка на свята Святой Сям'і ў суправаджэнні моладзевага хору. У аснове сюжэту — гісторыя нараджэння, распавядаючы якую, Анёл ратуе сям'ю маленькай дзяўчынкі ад сварак і разладу.

Анастасія Ясюкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by