«Салезіянскі месяц» падрыхтоўкі да свята св. Яна Боска перажыла парафія ў Смаргоні | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.02.2013 10:01

Месяц студзень для салезіянскай сям’і вельмі дарагі. 22 студзеня яны ўспамінаюць благаслаўлёную Лаўру Вікунью, выхаванку сясцёр салезіянак. Праз два дні святкуюць успамін святога Францішка Сальскага, ад імя якога і паходзіць назва іх вялікай сям’і і якога св. Ян Боска абраў як прыклад для сваіх духоўных сыноў і дачок. А ў апошні дзень студзеня перажываюць дзень нараджэння для неба святога Яна Боска.

22 студзеня салезіянская парафія ў Смаргоні распачала навэнну да святога Яна Боска. Кожны вечар у Каталіцкім моладзевым цэнтры дзеці, моладзь і старэйшыя збіраліся каля фігуры святога, каб маліцца праз яго заступніцтва, а потым разам паспаборнічаць у спартыўным турніры па настольным тэнісе, шашках і настольным футболе. Больш за 50 хлопцаў і дзяўчат прынялі ўдзел у гэтым турніры, узрастаючы ў сяброўстве і пашане адзін да аднаго.

Уся парафія мела магчымасць лепш пазнаёміцца з постаццю святога Яна Боска праз прагляд мастацкага фільма Людовіка Гаспарыні «Дон Боска». Біяграфічны фільм выклікаў шмат слёз і глыбокіх уражанняў.

27 студзеня ксяндзоў салезіянаў чакаў прыемны сюрпрыз, падрыхтаваны моладдзю як знак удзячнасці за іх служэнне ў духу Вялікага Выхаваўцы. Аніматары і кандыдаты парадавалі сваімі жартамі, сцэнкамі, крэатыўнасцю, як сапраўдныя «гіганты смеху» падчас Клубу вясёлых і знаходлівых.

Радасць, спорт, музыка, тэатр – гэта ўсё тое, што любіць моладзь. Менавіта таму Ян Боска часта паўтараў, што праз гэтыя сродкі можна дайсці да святасці, толькі нельга згубіць цэнтр малітвы і сакрамэнтальнага жыцця.

30 студзеня настаў доўгачаканы дзень урачыстасці, які сабраў вельмі шмат вернікаў, як на свята Божага Нараджэння ці Вялікдзень: святары з дэканату, сёстры законныя, ксяндзы салезіяне на чале з госцем — біскупам з Аўстрыі Людвігам Шварцам SDB, які таксама належыць да таварыства салезіянаў, вернікі са Смаргоні, Мінска і іншых мясцін. Святкаванне распачалося святой Імшой, падчас якой 12 нашых парафіян упершыню прынеслі абяцанні ў Асацыяцыі салезіянаў супрацоўнікаў «быць вернымі вучнямі Хрыста ў Каталіцкім Касцёле, працаваць у Валадарстве Божым», працягваючы справу мамы Маргарыты. Больш за 30 салезіянаў супрацоўнікаў аднавілі свае абяцанні.

Далей святкаванне працягвалася ў Каталіцкім моладзевым цэнтры, дзе ўдзельнікаў чакала сустрэча салезіянскіх святых у небе. Падчас сустрэчы размаўлялі пра араторый часоў Дона Боска і ўвогуле пра салезіянскую духоўнасць, што і нарадзіла пытанне: а як сёння моладзь жыве ў араторыі, асабліва ў Смаргоні? Нагадаць усім нам тое, з чаго пачалася місія Дона Боска, дапамаглі дзеці з першага класа, паказаўшы прароцкі сон святога ў 9 гадоў.  

Падчас вечару дзеці, моладзь, старэйшыя і госці змаглі засяродзіць увагу на чатырох характарыстыках араторыя: дом, школа, падворак і Касцёл. Было дастаткова часу для малітвы ўдзячнасці, прыгожага спеву, вяселых гульняў, дыпломаў для ўдзельнікаў спартыўнага турніру, салодкага пачастунку і дыялога з шаноўным госцем з Аўстрыі. Біскуп Людвіг Шварц падзяліўся ўражаннямі ад прыезду ў Смаргонь, прызнаўшыся, што быў вельмі здзіўлены, убачыўшы такую моцную і жывую веру парафіян, а таксама вялікую любоў да святога Яна Боска. Перш чым развітацца, адбыўся супольны здымак, каб потым яшчэ шмат разоў можна было вяртацца ў памяці да гэтага цудоўнага святкавання.

На завяршэнне хочацца падзякаваць усім тым, хто так добра падрыхтаваў праз шматлікія рэпетыцыі літургічны спеў, прыгожыя дэкарацыі, фотахроніку, салодкі стол і шматлікія іншыя дробныя рэчы, якія разам дазволілі перажыць гэтую ўрачыстасць у духу сапраўднай салезіянскай радасці.

С. Ірына Барцэвіч FMA i Ганна Семак

 
© 2003-2022 Catholic.by