Біскуп Кашкевіч да хворых: па веры вашай атрымаеце ад Бога | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.02.2013 13:31

11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, Касцёл моліцца за ўсіх хворых і церпячых, за тых, каму не чужое цярпенне, ахвяра, нясенне крыжа. У гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у капліцы абласной клінічнай бальніцы Гродна цэлебраваў святую Імшу і ўдзяліў сакрамэнт намашчэння хворых.

На малітве сабраліся хворыя, якія знаходзяцца на лячэнні ў бальніцы, і медперсанал. Іерарх заахвоціў усіх, хто сустракаецца з цярпеннем, з верай прыняць гэты крыж і шчыра даверыцца Езусу, які з’яўляецца найлепшым, а таксама найбольш вядомым і паважаным лекарам цела і душы. Тады, як падкрэсліў біскуп, «па веры вашай атрымаеце ад Бога».

«Нам трэба заўсёды клапаціцца пра тое, каб мы былі здаровыя духам, з’яднаныя з Богам праз малітву і глыбокую веру», — дадаў біскуп Кашкевіч, нагадаўшы, што цярпенне будзе багаццем Касцёла толькі тады, калі будзе злучана з цярпеннем Езуса Хрыста: «Без цярпення, без нясення крыжа няма збаўлення».

Гамілію прамовіў кс. Алег Кудэрка, капелан Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. Святар узняў пытанне: чаму мы церпім? Чалавека сустракае цярпенне, як адзначыў, каб ён мог звярнуць увагу на найважнейшае ў жыцці. «Каб адкрыць сапраўдны сэнс цярпення, трэба скіраваць сябе на аб’яўленне любові. Адказ нам дае Бог праз крыж Езуса Хрыста. Праз сваё цярпенне Езус перамог зло і тым самым учыніў нас здольнымі перамагчы гэтае зло, бо ўзяў на сябе грахі ўсяго свету, — падкрэсліў кс. Кудэрка. — Кожны, хто церпіць з-за хваробы цела ці душы, з’яўляецца сябрам Езуса, які яго любіць бясконца».

На заканчэнне літургіі прысутныя ўшанавалі рэліквіі святога крыжа. Іерарх пажадаў усім хворым хутчэйшага выздараўлення і патрэбных Божых ласк, а таксама заахвоціў даверыцца Богу, які прагне прынесці ўсім людзям радасць, супакой і дабро.

Кс. Юрый Марціновіч

(VGr)

 
© 2003-2022 Catholic.by